Статья 237. Правядзенне дыскатэк
1. Дыскатэка – танцавальная і (або) забаўляльная праграма, якая суправаджаецца публічным выкананнем твораў музычнага мастацтва калектывамі мастацкай творчасці і (або) асобнымі выканаўцамі і (або) у якой выкарыстоўваецца фанаграма, з магчымым паказам аўдыявізуальных твораў, правядзеннем культурна-відовішчных мерапрыемстваў, гульняў і іншых забаў.
2. Правядзенне дыскатэкі арганізуецца на закрытай і (або) адкрытай пляцоўках, якія павінны адпавядаць санітарна-эпідэміялагічным, супрацьпажарным патрабаванням, а таксама патрабаванням тэхнічных нарматыўных прававых актаў у галіне тэхнічнага нарміравання і стандартызацыі.
Закрытая пляцоўка – капітальная пабудова (будынак, збудаванне), памяшканне, што выкарыстоўваюцца для правядзення дыскатэкі.
Адкрытая пляцоўка – танцавальная пляцоўка і іншыя месцы пад адкрытым небам, спецыяльна прызначаныя для правядзення дыскатэкі.
3. Арганізатарам дыскатэк з’яўляецца юрыдычная асоба, індывідуальны прадпрымальнік, якія ажыццяўляюць дзейнасць па арганізацыі і правядзенні дыскатэк.
4. Правядзенне дыскатэк на адкрытых пляцоўках ажыццяўляецца да дваццаці трох гадзін, за выключэннем дыскатэк, якія праводзяцца па рашэнні дзяржаўных органаў або па ўзгадненні з імі. Час правядзення дыскатэк на адкрытых пляцоўках можа быць працягнуты па ўзгадненні з кіраўнікамі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў базавага тэрытарыяльнага ўзроўню або асобамі, імі ўпаўнаважанымі.
5. Правядзенне дыскатэк у перыяд з дваццаці трох да шасці гадзін ажыццяўляецца на закрытых пляцоўках, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных пунктам 4 гэтага артыкула.
6. Пры правядзенні дыскатэкі на адкрытай пляцоўцы тэрыторыя гэтай пляцоўкі павінна быць адгароджана ад праезнай часткі плотам або агароджай для забеспячэння бяспекі наведвальнікаў дыскатэкі, іншых грамадзян, а таксама ўдзельнікаў дарожнага руху.
7. Арганізатары дыскатэк маюць права:
7.1. устанаўліваць правілы правядзення дыскатэк з улікам патрабаванняў гэтага Кодэкса;
7.2. устанаўліваць плату за ўваход на дыскатэку;
7.3. прымяняць піратэхнічныя сродкі толькі пры ўмове выканання патрабаванняў адпаведных тэхнічных нарматыўных прававых актаў.
8. Наведвальнікі дыскатэкі маюць права на:
8.1. атрыманне інфармацыі аб узроставым складзе і максімальнай колькасці наведвальнікаў дыскатэкі, мерах па забеспячэнні грамадскага парадку;
8.2. наведванне дыскатэкі незалежна ад полу, расы, мовы, рэлігійных, палітычных або іншых перакананняў, нацыянальнасці, сацыяльнага паходжання, маёмаснага, службовага становішча і іншых прыкмет.
9. У мэтах аховы грамадскага парадку і забеспячэння грамадскай бяспекі на дыскатэку не дапускаюцца грамадзяне, якія:
9.1. маюць пры сабе алкагольныя, слабаалкагольныя напоі і (або) піва, наркатычныя сродкі, псіхатропныя рэчывы, іх аналагі, таксічныя або іншыя адурманьваючыя рэчывы, халодную, агнястрэльную, газавую або іншую зброю, выбухованебяспечныя рэчывы і боепрыпасы, іх імітатары і муляжы, а таксама спецыяльна вырабленыя або прыстасаваныя прадметы, выкарыстанне якіх можа ўяўляць пагрозу жыццю і здароўю грамадзян або прычыніць матэрыяльную шкоду юрыдычным асобам, грамадзянам, у тым ліку індывідуальным прадпрымальнікам, сцягі і вымпелы, не зарэгістраваныя ва ўстаноўленым парадку, а таксама эмблемы, сімвалы, плакаты і транспаранты, змест якіх накіраваны на прычыненне шкоды грамадскаму парадку, правам і законным інтарэсам грамадзян;
9.2. знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення або ў стане, выкліканым ужываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў;
9.3. учыняюць дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак, а таксама падбухторваюць іншых асоб да такіх дзеянняў любымі метадамі.
10. У час правядзення дыскатэкі грамадзянам забараняецца:
10.1. знаходзіцца ў стане, выкліканым ужываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў;
10.2. мець пры сабе і (або) выкарыстоўваць прадметы і рэчы, якія забаронены да праносу на дыскатэку ў адпаведнасці з падпунктам 9.1 пункта 9 гэтага артыкула;
10.3. распіваць алкагольныя, слабаалкагольныя напоі, піва ў месцах, не прадугледжаных для гэтага;
10.4. ужываць наркатычныя сродкі, псіхатропныя рэчывы, іх аналагі, таксічныя або іншыя адурманьваючыя рэчывы;
10.5. курыць у месцах, не прадугледжаных для гэтага;
10.6. ажыццяўляць прапаганду вайны, экстрэмісцкай дзейнасці, насілля, жорсткасці і парнаграфіі, у тым ліку з выкарыстаннем плакатаў, транспарантаў або іншых сродкаў;
10.7. ствараць пагрозу грамадскай бяспецы, жыццю і здароўю грамадзян.
11. Пры правядзенні дыскатэкі грамадзяне абавязаны захоўваць грамадскі парадак і выконваць усе законныя патрабаванні яе арганізатара і супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія выконваюць абавязкі па ахове грамадскага парадку.
12. Арганізатары дыскатэк абавязаны:
12.1. забяспечыць бяспеку грамадзян, захаванасць капітальных пабудоў (будынкаў, збудаванняў), памяшканняў і іншай маёмасці;
12.2. выконваць патрабаванні, прадугледжаныя пунктам 9 гэтага артыкула;
12.3. не дапускаць дыскрымінацыі ў адносінах да наведвальнікаў дыскатэкі;
12.4. захоўваць правы наведвальнікаў дыскатэкі, прадугледжаныя гэтым Кодэксам і іншымі актамі заканадаўства;
12.5. спыніць дыскатэку ў выпадку ўзнікнення небяспекі для жыцця і здароўя грамадзян, прычынення шкоды маёмасці грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, або юрыдычных асоб;
12.6. забяспечыць пры неабходнасці арганізацыю аказання грамадзянам медыцынскай дапамогі;
12.7. не выкарыстоўваць праграмы, якія змяшчаюць прапаганду вайны, экстрэмісцкай дзейнасці, насілля, жорсткасці і парнаграфіі;
12.8. выконваць патрабаванні заканадаўства аб аўтарскім праве і сумежных правах і іншага заканадаўства;
12.9. абсталяваць месцы правядзення дыскатэкі сістэмамі відэаназірання і кнопкай трывожнай сігналізацыі з паступленнем сігналу на пульт органаў унутраных спраў;
12.10. выконваць іншыя абавязкі ў адпаведнасці з актамі заканадаўства.
13. Арганізатары дыскатэк, якія арганізуюць правядзенне дыскатэк на адкрытых пляцоўках не на пастаяннай аснове, акрамя абавязкаў, прадугледжаных пунктам 12 гэтага артыкула, у мэтах прадухілення надзвычайных сітуацый і падтрымання правапарадку павінны ўзгадніць правядзенне дыскатэкі з кіраўніком мясцовага выканаўчага і распарадчага органа базавага тэрытарыяльнага ўзроўню або асобай, ім упаўнаважанай, за пяць каляндарных дзён да дня яе правядзення.
Скачать кодекс (PDF/DOC) PDF/DOC