Статья 92. Крытэрыі для надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці

1. Статус гісторыка-культурнай каштоўнасці надаецца культурным каштоўнасцям, якія маюць адметныя духоўныя, мастацкiя i (або) дакументальныя вартасці і адпавядаюць аднаму з наступных крытэрыяў:

1.1. з’яўляюцца адным з фактараў фарміравання нацыянальнага менталітэту;

1.2. маюць значнасць з пункту гледжання гісторыі, археалогіі, архітэктуры, горадабудаўніцтва, мастацтва, навукі і тэхнікі, эстэтыкі, этналогіі або антрапалогіі, культуры і аказалі значны ўплыў на развіццё краіны або асобнага яе рэгіёна;

1.3. непасрэдна звязаны з жыццём і дзейнасцю знакамітых асоб, гістарычнымі падзеямі, традыцыямі, вераваннямі або ідэямі і перакананнямі, якія аказалі значны ўплыў на ход гістарычнага, культурнага і (або) духоўнага развіцця беларускага народа;

1.4. з’яўляюцца аўтэнтычнымі з пункту гледжання аўтарскай задумы і яе рэалізацыі, выкарыстаных пры стварэнні матэрыялаў, захаванасці навакольнага асяроддзя або найбольш значных яго элементаў;

1.5. уяўляюць сабой выдатны прыклад фарміравання ландшафту, у якім адлюстроўваюцца традыцыі пэўнага перыяду гісторыі беларускага народа;

1.6. з’яўляюцца выдатным мастацкім узорам (шэдэўрам), створаным або пераўтвораным на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ці створаным беларусамі замежжа.

2. Статус гiсторыка-культурнай каштоўнасцi можа быць нададзены нерухомай матэрыяльнай культурнай каштоўнасці пры ўмове, што яна з’яўляецца аўтэнтычнай або рэстаўрыраванай у адпаведнасцi з навукова-праектнай дакументацыяй на выкананне рамонтна-рэстаўрацыйных работ на матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях. Пры гэтым з часу першапачатковага стварэння нерухомай матэрыяльнай культурнай каштоўнасці павiнна прайсцi не менш за сорак гадоў.

3. Статус гiсторыка-культурнай каштоўнасцi можа быць нададзены культурным каштоўнасцям, якія зніклі ці страчаны пры нявысветленых абставінах, але наяўнасць якіх дакументальна засведчана, пры ўмове адсутнасцi бясспрэчных дакументальных звестак аб знiшчэннi, страце або знiкненнi гэтых культурных каштоўнасцей.

4. Статус гiсторыка-культурнай каштоўнасцi надаецца археалагічным аб’ектам, у адносінах да якіх маюцца матэрыялы археалагічных даследаванняў, правядзенне якіх прадугледжана артыкулам 126 гэтага Кодэкса, і якія сведчаць аб фарміраванні адпаведных археалагічных культур, развіцці матэрыяльнай культуры на тэрыторыі Беларусі ў пэўны гістарычны перыяд.

  PDF/DOC