Статья 91. Фіксацыя, навуковая апрацоўка і мастацкая ацэнка культурных каштоўнасцей

1. Культурныя каштоўнасці, якія прапануюцца для надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, падлягаюць фiксацыi, навуковай апрацоўцы i мастацкай ацэнцы.

2. Фіксацыю, навуковую апрацоўку і мастацкую ацэнку культурных каштоўнасцей, за выключэннем выпадку, прадугледжанага пунктам 3 гэтага артыкула, забяспечваюць мясцовы выканаўчы і распарадчы орган абласнога тэрытарыяльнага ўзроўню, іншая юрыдычная асоба, грамадзянін, у тым ліку індывідуальны прадпрымальнік, якія ўносяць прапанову аб наданні культурнай каштоўнасці статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці.

У такім выпадку фіксацыю, навуковую апрацоўку і мастацкую ацэнку культурных каштоўнасцей праводзяць праектныя арганiзацыi, якiя ажыццяўляюць распрацоўку навукова-праектнай дакументацыi на выкананне рамонтна-рэстаўрацыйных работ на матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях, навуковыя арганізацыі і музеі, у штаце якіх працуюць спецыялісты з вопытам работы па ахове гісторыка-культурнай спадчыны не менш за два гады.

3. Фіксацыю, навуковую апрацоўку і мастацкую ацэнку прафесійна выяўленых культурных каштоўнасцей праводзяць асобы, якія іх выявілі.

4. Пры правядзенні фіксацыі, навуковай апрацоўкі і мастацкай ацэнкі культурных каштоўнасцей, якія прапануюцца для надання ім статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, учыненне перашкод асобам, якія іх праводзяць, не дапускаецца.

5. Фiксацыя культурных каштоўнасцей праводзіцца шляхам тэкставага апiсання, фатаграфавання і графічнага адлюстравання. У залежнасці ад віду культурнай каштоўнасці могуць выкарыстоўвацца вiдэа- і аўдыязапiс.

6. У тэкставым апісанні культурных каштоўнасцей указваюцца іх вiдавочныя адметныя духоўныя, мастацкiя i (або) дакументальныя вартасці і дадаткова для нематэрыяльных культурных каштоўнасцей – звесткі аб носьбіце нематэрыяльных культурных каштоўнасцей.

7. Пры фатаграфаваннi матэрыяльных культурных каштоўнасцей неабходна забяспечыць перадачу iх аб’ёмна-прасторавага рашэння, наяўнасці найбольш значных дэкаратыўных i канструктыўных дэталей i элементаў, асаблівасцей размяшчэння гэтых культурных каштоўнасцей у навакольным асяроддзi.

Фатаграфаванне нерухомай матэрыяльнай культурнай каштоўнасці праводзіцца такім чынам, каб былі прадстаўлены адначасова яе галоўны і адзін з бакавых фасадаў, тыльны і другі бакавы фасады. Фатаграфаванне археалагічных аб’ектаў і археалагічных артэфактаў ажыццяўляецца з некалькіх ракурсаў, якія дазваляюць найбольш поўна перадаць асаблівасці гэтых культурных каштоўнасцей.

На фотаздымках нематэрыяльных культурных каштоўнасцей павінны быць адлюстраваны найбольш характэрныя рысы гэтых культурных каштоўнасцей, якiя перадаюць іх асноўныя пастановачныя, выканальнiцкiя прыкметы, асаблiвасцi мастацкага афармлення, вопраткi i ўпрыгажэнняў носьбітаў нематэрыяльных культурных каштоўнасцей, традыцыйнай атрыбутыкi.

8. Графічнае адлюстраванне праводзіцца шляхам пазначэння на картаграфiчным матэрыяле ў маштабе 1:10 000 (для населеных пунктаў у маштабе не больш за 1:20 000) месца знаходжання матэрыяльных культурных каштоўнасцей і ў маштабе 1:200 000 – арэала бытавання нематэрыяльных культурных каштоўнасцей.

9. Навуковая апрацоўка культурных каштоўнасцей праводзiцца для адлюстравання гістарычных звестак аб іх, прадстаўлення гэтых культурных каштоўнасцей у iх прычынна-вынiковай залежнасцi ў сiстэме падобных культурных каштоўнасцей (аналагаў) i выяўлення асноўных заканамернасцей iх развiцця.

10. Пры аналiзе прычынна-вынiковай залежнасцi культурных каштоўнасцей у сiстэме падобных культурных каштоўнасцей (аналагаў) забяспечваюцца:

10.1. суаднясенне iх з пэўнымi вiдамi i (або) тыпамi аналагаў;

10.2. характарыстыка асноўных кампанентаў, элементаў, структурных прыкмет i iншых характэрных рыс, па якiх гэтыя культурныя каштоўнасці адносяцца да пэўных вiдаў i (або) тыпаў;

10.3. выяўленне спецыфiчных рыс культурных каштоўнасцей, калi такiя могуць быць выяўлены i прадстаўлены;

10.4. раскрыццё iншых асаблiвасцей i ўзаемасувязей.

11. Аналiз асноўных заканамернасцей развiцця культурных каштоўнасцей праводзіцца шляхам параўнання гэтых культурных каштоўнасцей з аналагiчнымi для выяўлення iх значнасцi.

12. Навуковая апрацоўка змяшчае гістарычныя звесткі аб характары, абліччы культурнай каштоўнасці, яе ўплыве на развіццё краіны або асобнага яе рэгіёна, звесткі аб аўтары або прыналежнасці знакамітай асобе, аб перыядзе стварэння (узнікнення) гэтай культурнай каштоўнасці і іншыя гістарычныя звесткі i вывады, у якiх даецца заключэнне па прычынна-вынiковай залежнасцi культурных каштоўнасцей i асноўных заканамернасцях іх развiцця.

13. Мастацкая ацэнка культурных каштоўнасцей утрымлівае iх аналiз па асноўных стылістычна-жанравых i марфалагiчных прыкметах, вызначае іх суаднясенне з пэўнай стадыяй або стадыямi развiцця беларускага нацыянальнага i сусветнага мастацтва.

Пры мастацкай ацэнцы матэрыяльных культурных каштоўнасцей праводзiцца аднясенне iх да пэўных вiдаў i (або) тыпаў, апiсанне стылявых асаблiвасцей, структуры i асаблiвасцей забудовы, элементаў i дэталей, iншых характэрных рыс, аддзелкi, колеру, характару i вiду матэрыялаў i іншага.

Мастацкая ацэнка нематэрыяльных культурных каштоўнасцей складаецца з iнфармацыі аб стылявых або жанравых асаблiвасцях гэтых культурных каштоўнасцей, храналогii iх узнiкнення i развiцця, элементах i дэталях, колеры i iншых адметных вартасцях, арэале бытавання і іншых характэрных рысах.

14. Навуковая апрацоўка і мастацкая ацэнка культурных каштоўнасцей афармляюцца ў выглядзе тэксту, да якога ў выпадку неабходнасцi больш поўнага прадстаўлення адметных вартасцей гэтых культурных каштоўнасцей дадаюцца iлюстрацыi.

  PDF/DOC