Статья 57. Метадычныя цэнтры народнай творчасцi (культурна-асветнай работы)

1. Метадычным цэнтрам народнай творчасці (культурна-асветнай работы) з’яўляецца арганізацыя культуры або падраздзяленне юрыдычнай асобы, якія аказваюць метадычную дапамогу суб’ектам культурнай дзейнасці і праводзяць аналітычна-даследчую работу ў сферы культуры.

2. Асноўнымі задачамі метадычных цэнтраў народнай творчасці (культурна-асветнай работы) з’яўляюцца:

2.1. павышэнне ўзроўню аказання метадычнай дапамогі суб’ектам культурнай дзейнасці, удзел у распрацоўцы дзяржаўных і іншых праграм, накіраваных на захаванне, развіццё, распаўсюджванне і (або) папулярызацыю культуры;

2.2. удасканаленне зместу і арганізацыі культурнага адпачынку (вольнага часу) насельніцтва, павышэнне яго сацыяльнай значнасці, пошук і ўкараненне новых, эфектыўных форм і метадаў работы з насельніцтвам;

2.3. даследаванне, вывучэнне і фіксацыя мясцовых узораў традыцыйнага мастацтва і фальклору рэгіёнаў;

2.4. распрацоўка арганізацыйна-метадычных і рэпертуарных матэрыялаў па арганізацыі і правядзенні культурных мерапрыемстваў, арганізацыі дзейнасці клубных фарміраванняў, захаванні, распаўсюджванні і (або) папулярызацыі мясцовых узораў традыцыйнага мастацтва і фальклору рэгіёнаў;

2.5. вывучэнне і аналіз дзейнасці арганізацый культуры, іншых юрыдычных асоб, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць, па развіцці новых напрамкаў іх дзейнасці, а таксама народнай творчасці;

2.6. вывучэнне і ўкараненне ў практыку арганізацый культуры, іншых юрыдычных асоб, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць, перадавога вопыту работы арганізацый культуры;

2.7. удзел у арганізацыі і правядзенні культурных мерапрыемстваў, садзейнічанне правядзенню мерапрыемстваў па ахове гісторыка-культурнай і археалагічнай спадчыны;

2.8. фарміраванне даведачна-інфармацыйнага фонду метадычных матэрыялаў, сцэнарных распрацовак арганізацый культуры, іншых юрыдычных асоб, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць;

2.9. павышэнне прафесійнага ўзроўню работнікаў культуры, творчых работнікаў;

2.10. ажыццяўленне міжнароднага супрацоўніцтва ў мэтах далучэння грамадзян, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, да культурных каштоўнасцей сусветнай культуры і інтэграцыі беларускай нацыянальнай культуры ў сусветную культуру і сусветную інфармацыйную прастору;

2.11. садзейнічанне ўкараненню сучасных інфармацыйных тэхналогій у дзейнасць арганізацый культуры, іншых юрыдычных асоб, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць.

3. Метадычныя цэнтры народнай творчасці (культурна-асветнай работы) маюць права ўносіць на разгляд заснавальнікаў арганізацый культуры, іншых юрыдычных асоб, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць, прапановы па ўдасканаленні культурнай дзейнасці гэтых арганізацый культуры, іншых юрыдычных асоб.

4. Метадычныя цэнтры народнай творчасці (культурна-асветнай работы) працуюць ва ўзаемадзеянні з дзяржаўнымі органамі і грамадскімі аб’яднаннямі, установамі адукацыі і іншымі юрыдычнымі асобамі, якія садзейнічаюць ажыццяўленню і (або) забеспячэнню культурнай дзейнасці.

  PDF/DOC