Статья 42. Пацвярджэнне статусу творчага работніка

1. Статус творчага работніка, які з’яўляецца членам творчага саюза, пацвярджаецца творчым саюзам у парадку, устаноўленым статутам творчага саюза.

Статус творчага работніка, які не з’яўляецца членам творчага саюза, пацвярджаецца прафесійным сертыфікатам творчага работніка, які выдаецца экспертнай камісіяй па пацвярджэнні статусу творчага работніка ў адпаведнасці з заканадаўствам аб адміністрацыйных працэдурах.

Форма прафесійнага сертыфіката творчага работніка ўстанаўліваецца Міністэрствам культуры.

2. Экспертная камісія па пацвярджэнні статусу творчага работніка ствараецца пры Міністэрстве культуры.

3. Экспертная камісія па пацвярджэнні статусу творчага работніка:

3.1. арганізуе правядзенне экспертызы матэрыялаў, якія пацвярджаюць вынікі творчай дзейнасці;

3.2. прыцягвае да правядзення экспертызы прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, творчых саюзаў, іншых арганізацый, спецыялістаў у сферы культуры, дзеячаў культуры і мастацтва, якія не з’яўляюцца членамі экспертнай камісіі;

3.3. накіроўвае ў дзяржаўныя органы, творчыя саюзы, іншыя арганізацыі запыты для атрымання ад іх дакументаў і (або) звестак, неабходных для пацвярджэння статусу творчага работніка;

3.4. заслухоўвае на сваіх пасяджэннях прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, творчых саюзаў, іншых арганізацый па пытаннях пацвярджэння статусу творчага работніка;

3.5. прымае рашэнні аб выдачы (адмове ў выдачы) прафесійнага сертыфіката творчага работніка, ануляванні прафесійнага сертыфіката творчага работніка;

3.6. ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з заканадаўствам аб адміністрацыйных працэдурах.

4. Для пацвярджэння статусу творчага работніка грамадзянін звяртаецца ў экспертную камісію па пацвярджэнні статусу творчага работніка з заявай па форме, устаноўленай Міністэрствам культуры, да якой прыкладаюцца матэрыялы, прадугледжаныя заканадаўствам аб адміністрацыйных працэдурах.

Пры неабходнасці грамадзянін забяспечвае доступ да вынікаў творчай дзейнасці.

5. Для пацвярджэння статусу творчага работніка вынікі творчай дзейнасці:

5.1. павінны:

адносіцца да твораў мастацкай літаратуры або мастацтва;

з’яўляцца новымі, якія не існавалі раней, вынікамі інтэлектуальнай дзейнасці;

быць створаны на высокім мастацкім узроўні;

5.2. публікаваліся, публічна выконваліся, іншым спосабам даводзіліся да ўсеагульнага ведама на працягу апошніх трох гадоў.

6. Падставамі для адмовы ў выдачы прафесійнага сертыфіката творчага работніка з’яўляюцца:

6.1. неадпаведнасць вынікаў творчай дзейнасці патрабаванням, прадугледжаным пунктам 5 гэтага артыкула;

6.2. прадстаўленне дакументаў і (або) звестак, якія не адпавядаюць патрабаванням гэтага Кодэкса, іншых актаў заканадаўства, у тым лiку прадстаўленне падложных, падробленых або несапраўдных дакументаў.

7. Падставай для анулявання прафесійнага сертыфіката творчага работніка з’яўляецца рашэнне суда аб тым, што грамадзянін не з’яўляецца аўтарам (выканаўцам) твораў мастацкай літаратуры або мастацтва.

Копія рашэння аб ануляванні прафесійнага сертыфіката творчага работніка не пазней за пяць каляндарных дзён з дня прыняцця рашэння накіроўваецца грамадзяніну, у адносінах да якога прынята рашэнне аб ануляванні прафесійнага сертыфіката творчага работніка.

Звесткі аб ануляванні прафесійнага сертыфіката творчага работніка з’яўляюцца адкрытымі і размяшчаюцца на афіцыйным сайце Міністэрства культуры ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт.

Грамадзянін не пазней за тры каляндарныя дні з дня атрымання копіі рашэння аб ануляванні прафесійнага сертыфіката творчага работніка абавязаны вярнуць у Міністэрства культуры прафесійны сертыфікат творчага работніка.

8. У выпадку страты прафесійнага сертыфіката творчага работніка выдаецца яго дублікат у адпаведнасці з заканадаўствам аб адміністрацыйных працэдурах.

  PDF/DOC