Статья 248. Прысваенне прафесійным калектывам мастацкай творчасцi звання «Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь», статусу «акадэмiчны», пацвярджэнне і пазбаўленне гэтых звання і статусу

1. Званне «Заслужаны калектыў Рэспублiкi Беларусь» прысвойваецца прафесiйным калектывам мастацкай творчасці, якiя ўнеслi значны ўклад у развiццё беларускай нацыянальнай культуры і адпавядаюць наступным патрабаванням:

1.1. ажыццяўляюць культурную дзейнасць не менш за дзесяць гадоў;

1.2. маюць выдатныя дасягненнi ў мастацтве;

1.3. прымаюць удзел у культурна-відовішчных мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь і (або) за яе межамі (не менш за трыццаць мерапрыемстваў у год) і (або) у канцэртах, прымеркаваных да мерапрыемстваў з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і (або) дзяржаўных свят, святочных дзён, памятных і святочных дат, у міжнародных і (або) рэспубліканскіх культурных мерапрыемствах на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і (або) за яе межамі, уключаючы мерапрыемствы, звязаныя з выхаваннем творчай моладзі;

1.4. маюць грамадскае прызнанне ў Рэспублiцы Беларусь i за яе межамi;

1.5. маюць шматгадовы станоўчы вопыт работы з творчай моладдзю;

1.6. маюць у складзе творчых работнікаў, якія ўзнагароджаны дзяржаўнымі ўзнагародамі Рэспублікі Беларусь у сферы культуры або з’яўляюцца лаўрэатамі Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры, лаўрэатамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

2. Статус «акадэмічны» прысвойваецца прафесійным калектывам мастацкай творчасцi, якiя ўнеслі значны ўклад у развіццё беларускай нацыянальнай культуры і адпавядаюць наступным патрабаванням:

2.1. ажыццяўляюць культурную дзейнасць не менш за пятнаццаць гадоў;

2.2. маюць выдатныя дасягненнi ў мастацтве;

2.3. прымаюць удзел у культурна-відовішчных мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь і (або) за яе межамі (не менш за сорак мерапрыемстваў у год);

2.4. адзначаны ўзнагародамі на рэспублiканскiх і мiжнародных культурных мерапрыемствах за апошнія пяць гадоў;

2.5. маюць у складзе не менш за пяць творчых работнікаў, якія ўзнагароджаны дзяржаўнымі ўзнагародамі Рэспублікі Беларусь у сферы культуры або з’яўляюцца лаўрэатамі Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры.

3. Вылучэнне прафесійнага калектыву мастацкай творчасці для прысваення звання «Заслужаны калектыў Рэспублiкi Беларусь», статусу «акадэмічны» ажыццяўляецца калектывам работнікаў прафесійнага калектыву мастацкай творчасці або юрыдычнай асобы, падраздзяленнем якой з’яўляецца прафесійны калектыў мастацкай творчасці, на агульным сходзе.

Рашэнне аб вылучэнні лічыцца прынятым, калі за яго прагаласавалі не менш за 51 працэнт работнікаў прафесійнага калектыву мастацкай творчасці або юрыдычнай асобы, падраздзяленнем якой з’яўляецца прафесійны калектыў мастацкай творчасці, і афармляецца пратаколам агульнага сходу.

Выпіска з пратакола агульнага сходу накіроўваецца ў рэспубліканскі орган дзяржаўнага кіравання, мясцовы выканаўчы і распарадчы орган абласнога тэрытарыяльнага ўзроўню, у падпарадкаванні якіх знаходзяцца прафесійны калектыў мастацкай творчасці або юрыдычная асоба, падраздзяленнем якой з’яўляецца прафесійны калектыў мастацкай творчасці.

Выпіска з пратакола агульнага сходу работнікаў прафесійнага калектыву мастацкай творчасці або юрыдычнай асобы, падраздзяленнем якой з’яўляецца прафесійны калектыў мастацкай творчасці, якія не падпарадкаваны рэспубліканскаму органу дзяржаўнага кіравання, мясцоваму выканаўчаму і распарадчаму органу абласнога тэрытарыяльнага ўзроўню, накіроўваецца ў мясцовы выканаўчы і распарадчы орган абласнога тэрытарыяльнага ўзроўню па месцы дзяржаўнай рэгістрацыі юрыдычнай асобы.

4. Рашэнне аб прадстаўленні (адмове ў прадстаўленні) прафесійнага калектыву мастацкай творчасці да прысваення звання «Заслужаны калектыў Рэспублiкi Беларусь», статусу «акадэмічны» прымаецца калегіяй рэспубліканскага органа дзяржаўнага кіравання, мясцовым выканаўчым і распарадчым органам абласнога тэрытарыяльнага ўзроўню не пазней за дзесяць каляндарных дзён з дня атрымання выпіскі з пратакола агульнага сходу.

5. У выпадку прыняцця рашэння аб прадстаўленні прафесійнага калектыву мастацкай творчасці да прысваення звання «Заслужаны калектыў Рэспублiкi Беларусь», статусу «акадэмічны» рэспубліканскі орган дзяржаўнага кіравання, мясцовы выканаўчы і распарадчы орган абласнога тэрытарыяльнага ўзроўню не пазней за дзесяць каляндарных дзён з дня прыняцця рашэння накіроўваюць у Міністэрства культуры наступныя дакументы:

5.1. хадайніцтва аб прысваенні звання «Заслужаны калектыў Рэспублiкi Беларусь», статусу «акадэмічны»;

5.2. выпіску з рашэння калегіі рэспубліканскага органа дзяржаўнага кіравання, мясцовага выканаўчага і распарадчага органа абласнога тэрытарыяльнага ўзроўню;

5.3. выпіску з пратакола агульнага сходу;

5.4. даведку аб дзейнасці прафесійнага калектыву мастацкай творчасці, якая пацвярджае выкананне патрабаванняў, прадугледжаных адпаведна пунктамі 1 і 2 гэтага артыкула;

5.5. копію ўстаноўчага дакумента прафесійнага калектыву мастацкай творчасці (у выпадку, калі прафесійны калектыў мастацкай творчасці з’яўляецца юрыдычнай асобай);

5.6. рэкламна-інфармацыйную прадукцыю аб культурнай дзейнасці калектыву (фота-, аўдыя- i (або) вiдэаматэрыялы, буклеты, афішы і іншае), копіі водгукаў у сродках масавай інфармацыі і (або) дакументаў аб прысуджэнні ўзнагарод на міжнародных і рэспубліканскіх культурных мерапрымствах, іншых дакументаў, якія сведчаць аб грамадскім прызнанні.

6. Міністэрства культуры мае права запатрабаваць у прафесійнага калектыву мастацкай творчасці або юрыдычнай асобы, падраздзяленнем якой з’яўляецца прафесійны калектыў мастацкай творчасці, іншыя дакументы, якія пацвярджаюць выкананне патрабаванняў, прадугледжаных адпаведна пунктамі 1 і 2 гэтага артыкула.

7. Рашэнне аб прысваеннi (адмове ў прысваенні) прафесiйнаму калектыву мастацкай творчасці звання «Заслужаны калектыў Рэспублiкi Беларусь», статусу «акадэмічны» прымаецца Міністэрствам культуры не пазней за трыццаць каляндарных дзён з дня атрымання дакументаў, прадугледжаных пунктам 5 гэтага артыкула.

8. Пасля прысваення прафесiйнаму калектыву мастацкай творчасці звання «Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь», статусу «акадэмічны» ў яго ўстаноўчы дакумент (у выпадку, калі прафесійны калектыў мастацкай творчасці з’яўляецца юрыдычнай асобай) і назву ў двухмесячны тэрмін з дня прыняцця адпаведнага рашэння ўносяцца неабходныя змяненні.

9. Прафесійны калектыў мастацкай творчасці, якому прысвоена званне «Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь», статус «акадэмічны», пацвярджае гэтыя званне, статус адзін раз у пяць гадоў. Для гэтага прафесійны калектыў мастацкай творчасці, якому прысвоены званне «Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь», статус «акадэмічны», або юрыдычная асоба, падраздзяленнем якой з’яўляецца прафесійны калектыў мастацкай творчасці, накіроўваюць у Міністэрства культуры хадайніцтва аб пацвярджэнні звання «Заслужаны калектыў Рэспублiкi Беларусь», статусу «акадэмічны» і дакументы, прадугледжаныя падпунктамі 5.2–5.6 пункта 5 гэтага артыкула.

Калегіяй Міністэрства культуры не пазней за трыццаць каляндарных дзён з дня атрымання хадайніцтва аб пацвярджэнні звання «Заслужаны калектыў Рэспублiкi Беларусь», статусу «акадэмічны» і дакументаў, прадугледжаных падпунктамі 5.2–5.6 пункта 5 гэтага артыкула, разглядаецца пытанне аб пацвярджэнні звання «Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь», статусу «акадэмічны» і прымаецца рашэнне.

У выпадку, калі прафесійны калектыў мастацкай творчасці адпавядае патрабаванням, прадугледжаным адпаведна пунктамі 1 і 2 гэтага артыкула, калегіяй Міністэрства культуры прымаецца рашэнне аб пацвярджэнні звання «Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь», статусу «акадэмічны».

У выпадку, калі прафесійны калектыў мастацкай творчасці не адпавядае патрабаванням, прадугледжаным адпаведна пунктамі 1 і 2 гэтага артыкула, калегіяй Міністэрства культуры прымаецца рашэнне аб пазбаўленні звання «Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь», статусу «акадэмічны».

10. Пасля пазбаўлення прафесiйнага калектыву мастацкай творчасці звання «Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь», статусу «акадэмічны» ў яго ўстаноўчы дакумент (у выпадку, калі прафесійны калектыў мастацкай творчасці з’яўляецца юрыдычнай асобай) і назву ў двухмесячны тэрмін з дня прыняцця адпаведнага рашэння ўносяцца неабходныя змяненні.

11. Работнікам прафесійных калектываў мастацкай творчасці, якім прысвоены званне «Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь», статус «акадэмічны», устанаўліваецца павышаная аплата працы ў адпаведнасці з заканадаўствам аб працы.

12. Рашэнні аб адмове ў прадстаўленні прафесійнага калектыву мастацкай творчасці да прысваення звання «Заслужаны калектыў Рэспублiкi Беларусь», статусу «акадэмічны», аб адмове ў прысваенні, аб пазбаўленні гэтых звання і статусу могуць быць абскарджаны ў суд.

  PDF/DOC