Статья 246. Прысваенне тэатральна-відовішчным арганізацыям, прафесійным калектывам мастацкай творчасці, музеям, творчым саюзам статусу «нацыянальны», пацвярджэнне і пазбаўленне гэтага статусу

1. Статус «нацыянальны» прысвойваецца тэатральна-відовішчным арганізацыям, прафесійным калектывам мастацкай творчасці, музеям, якія з’яўляюцца арганізацыямі культуры і маёмасць якіх знаходзіцца ў рэспубліканскай уласнасці, творчым саюзам.

2. Статус «нацыянальны» прысвойваецца тэатральна-відовішчным арганізацыям і прафесійным калектывам мастацкай творчасці, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё беларускай нацыянальнай культуры і адпавядаюць наступным патрабаванням, калі іншае не ўстаноўлена Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь:

2.1. ажыццяўляюць сваю дзейнасць не менш за дваццаць гадоў;

2.2. маюць статус «акадэмічны» або званне «Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь» (для прафесійных калектываў мастацкай творчасці);

2.3. за апошнія пяць гадоў адзначаны ўзнагародамі на міжнародных і рэспубліканскіх культурных мерапрыемствах;

2.4. праводзяць культурна-відовішчныя мерапрыемствы ў краіне і за яе межамі (не менш за шэсцьдзясят мерапрыемстваў у год);

2.5. пастаянна абнаўляюць рэпертуар, у тым ліку творамі беларускіх аўтараў (не менш за пяць новых тэатральных пастановак (прадстаўленняў, канцэртных праграм) за пяць гадоў);

2.6. маюць у складзе не менш за дзесяць работнікаў, якія ўзнагароджаны дзяржаўнымі ўзнагародамі Рэспублікі Беларусь у сферы культуры або з’яўляюцца лаўрэатамі Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры.

3. Статус «нацыянальны» прысвойваецца музеям, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё музейнай справы і адпавядаюць наступным патрабаванням, калі іншае не ўстаноўлена Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь:

3.1. ажыццяўляюць сваю дзейнасць не менш за дваццаць гадоў;

3.2. рэалізуюць усе віды музейнай дзейнасці, прадугледжаныя гэтым Кодэксам;

3.3. валодаюць музейнымі прадметамі, якія з’яўляюцца гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі катэгорыі «0» або «1» (не менш за два музейныя прадметы);

3.4. маюць пастаянную музейную экспазіцыю, створаную на аснове ўласных музейных фондаў.

4. Статус «нацыянальны» прысвойваецца творчым саюзам, якiя ўнеслі значны ўклад у развіццё беларускай нацыянальнай культуры і адпавядаюць наступным патрабаванням:

4.1. маюць адметныя дасягненні ў сферы культуры на працягу не менш за пятнаццаць гадоў;

4.2. маюць грамадскае прызнанне дасягненняў у сферы культуры ў Рэспублiцы Беларусь i за яе межамi;

4.3. маюць структурныя падраздзяленнi, якія актыўна дзейнiчаюць ва ўсiх або ў большасцi абласцей Рэспублiкi Беларусь;

4.4. маюць у складзе членаў, якім прысвоены ганаровыя званнi або якія з’яўляюцца лаўрэатамі айчынных і мiжнародных прэмiй у сферы культуры;

4.5. маюць шматгадовы станоўчы вопыт работы з творчай моладдзю;

4.6. уносяць дзейсны ўклад у распрацоўку i рэалiзацыю напрамкаў дзяржаўнай палiтыкi ў сферы культуры;

4.7. ажыццяўляюць актыўную статутную дзейнасць (папулярызацыя вынiкаў творчай дзейнасці, сустрэчы з працоўнымi калектывамi i рознымi катэгорыямі насельнiцтва, мiжнародныя кантакты i iншая дзейнасць).

5. Для разгляду пытання аб прысваенні статусу «нацыянальны» тэатральна-відовішчная арганізацыя, прафесійны калектыў мастацкай творчасці, музей, творчы саюз накіроўваюць у Міністэрства культуры наступныя дакументы:

5.1. хадайніцтва аб прысваенні статусу «нацыянальны»;

5.2. выпіску з пратакола агульнага сходу работнікаў тэатральна-відовішчнай арганізацыі, прафесійнага калектыву мастацкай творчасці, музея, членаў творчага саюза;

5.3. даведку аб дзейнасці тэатральна-відовішчнай арганізацыі, прафесійнага калектыву мастацкай творчасці, музея, творчага саюза, якая пацвярджае выкананне патрабаванняў, прадугледжаных адпаведна пунктамі 2–4 гэтага артыкула.

6. Міністэрства культуры мае права запатрабаваць у тэатральна-відовішчнай арганізацыі, прафесійнага калектыву мастацкай творчасці, музея, творчага саюза іншыя дакументы, якія пацвярджаюць выкананне патрабаванняў, прадугледжаных адпаведна пунктамі 2–4 гэтага артыкула.

7. Рашэнне аб прадстаўленні (адмове ў прадстаўленні) тэатральна-відовішчнай арганізацыі, прафесійнага калектыву мастацкай творчасці, музея, творчага союза да прысваення статусу «нацыянальны» прымаецца калегіяй Міністэрства культуры (у адносінах да творчага саюза – сумесна з саветам асацыяцыі грамадскiх аб’яднанняў «Беларуская канфедэрацыя творчых саюзаў») не пазней за трыццаць каляндарных дзён з дня атрымання дакументаў, прадугледжаных пунктам 5 гэтага артыкула.

8. Міністэрства культуры не пазней за трыццаць каляндарных дзён з дня прыняцця рашэння аб прадстаўленні тэатральна-відовішчнай арганізацыі, прафесійнага калектыву мастацкай творчасці, музея, творчага саюза да прысваення статусу «нацыянальны» падрыхтоўвае праект адпаведнага ўказа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і ва ўстаноўленым парадку накіроўвае яго разам з выпіскай з рашэння калегіі Міністэрства культуры (у адносінах да творчага саюза – сумесна з саветам асацыяцыі грамадскiх аб’яднанняў «Беларуская канфедэрацыя творчых саюзаў») і дакументамі, прадугледжанымі пунктам 5 гэтага артыкула, у Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь для наступнага ўнясення ва ўстаноўленым парадку Прэзiдэнту Рэспублiкi Беларусь.

9. Рашэнне аб прысваеннi тэатральна-відовішчнай арганізацыі, прафесійнаму калектыву мастацкай творчасці, музею, творчаму саюзу статусу «нацыянальны» прымаецца Прэзідэнтам Рэспублiкi Беларусь шляхам выдання адпаведнага ўказа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

10. Пасля прысваення тэатральна-відовішчнай арганізацыі, прафесійнаму калектыву мастацкай творчасці, музею, творчаму саюзу статусу «нацыянальны» ў іх статут і назву ў двухмесячны тэрмін з дня выдання адпаведнага ўказа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь уносяцца неабходныя змяненні.

11. Тэатральна-відовішчная арганізацыя, прафесійны калектыў мастацкай творчасці, музей, творчы саюз, якім прысвоены статус «нацыянальны», пацвярджаюць яго адзін раз у пяць гадоў. Для гэтага яны накіроўваюць у Міністэрства культуры хадайніцтва аб пацвярджэнні статусу «нацыянальны» і дакументы, прадугледжаныя падпунктамі 5.2 і 5.3 пункта 5 гэтага артыкула.

Калегіяй Міністэрства культуры (у адносінах да творчага саюза – сумесна з саветам асацыяцыі грамадскiх аб’яднанняў «Беларуская канфедэрацыя творчых саюзаў») не пазней за трыццаць каляндарных дзён з дня атрымання хадайніцтва аб пацвярджэнні статусу «нацыянальны» і дакументаў, прадугледжаных падпунктамі 5.2 і 5.3 пункта 5 гэтага артыкула, разглядаецца пытанне аб пацвярджэнні статусу «нацыянальны» і прымаецца рашэнне.

У выпадку, калі тэатральна-відовішчная арганізацыя, прафесійны калектыў мастацкай творчасці, музей, творчы саюз адпавядаюць патрабаванням, прадугледжаным адпаведна пунктамі 2–4 гэтага артыкула, калегіяй Міністэрства культуры (у адносінах да творчага саюза – сумесна з саветам асацыяцыі грамадскiх аб’яднанняў «Беларуская канфедэрацыя творчых саюзаў») прымаецца рашэнне аб пацвярджэнні статусу «нацыянальны», якое ўзгадняецца з Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

У выпадку, калі тэатральна-відовішчная арганізацыя, прафесійны калектыў мастацкай творчасці, музей, творчы саюз не адпавядаюць патрабаванням, прадугледжаным адпаведна пунктамі 2–4 гэтага артыкула, калегіяй Міністэрства культуры (у адносінах да творчага саюза – сумесна з саветам асацыяцыі грамадскiх аб’яднанняў «Беларуская канфедэрацыя творчых саюзаў») прымаецца рашэнне аб адмове ў пацвярджэнні статусу «нацыянальны».

Міністэрства культуры не пазней за трыццаць каляндарных дзён з дня прыняцця рашэння аб адмове ў пацвярджэнні статусу «нацыянальны» падрыхтоўвае праект указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб пазбаўленні тэатральна-відовішчнай арганізацыі, прафесійнага калектыву мастацкай творчасці, музея, творчага саюза статусу «нацыянальны» і ва ўстаноўленым парадку накіроўвае яго разам з выпіскай з рашэння калегіі Міністэрства культуры (у адносінах да творчага саюза – сумесна з саветам асацыяцыі грамадскiх аб’яднанняў «Беларуская канфедэрацыя творчых саюзаў») і дакументамі, прадугледжанымі падпунктамі 5.2 і 5.3 пункта 5 гэтага артыкула, у Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь для наступнага ўнясення ва ўстаноўленым парадку Прэзiдэнту Рэспублiкi Беларусь.

12. Рашэнне аб пазбаўленні статусу «нацыянальны» прымаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь шляхам выдання адпаведнага ўказа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

13. Пасля пазбаўлення тэатральна-відовішчнай арганізацыі, прафесійнага калектыву мастацкай творчасці, музея, творчага саюза статусу «нацыянальны» ў іх статут і назву ў двухмесячны тэрмін з дня выдання адпаведнага ўказа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь уносяцца неабходныя змяненні.

14. Дзяржаўныя органы, якiя ажыццяўляюць дзяржаўнае кiраванне ў сферы культуры, у межах сваiх паўнамоцтваў у адпаведнасцi з актамі заканадаўства ствараюць тэатральна-вiдовiшчным арганізацыям, прафесiйным калектывам мастацкай творчасцi, музеям, якім прысвоены статус «нацыянальны», умовы для ажыццяўлення культурнай дзейнасцi, умацавання iх матэрыяльна-тэхнiчнай базы (выдзяляюць памяшканнi, фiнансавыя сродкi для стварэння новых тэатральных пастановак, канцэртных праграм, набыцця абсталявання, музычных iнструментаў).

15. Работнiкам тэатральна-вiдовiшчных арганізацый, прафесiйных калектываў мастацкай творчасцi, музеяў са статусам «нацыянальны» ўстанаўліваецца павышаная аплата працы ў адпаведнасці з заканадаўствам аб працы.

16. Рашэнні аб адмове ў прадстаўленні тэатральна-відовішчнай арганізацыі, прафесійнага калектыву мастацкай творчасці, музея, творчага саюза да прысваення статусу «нацыянальны», аб адмове ў пацвярджэнні гэтага статусу могуць быць абскарджаны ў суд.

  PDF/DOC