Статья 237. Правядзенне дыскатэк

1. Дыскатэка – танцавальная і (або) забаўляльная праграма, якая суправаджаецца публічным выкананнем твораў музычнага мастацтва калектывамі мастацкай творчасці і (або) асобнымі выканаўцамі і (або) у якой выкарыстоўваецца фанаграма, з магчымым паказам аўдыявізуальных твораў, правядзеннем культурна-відовішчных мерапрыемстваў, гульняў і іншых забаў.

2. Правядзенне дыскатэкі арганізуецца на закрытай і (або) адкрытай пляцоўках, якія павінны адпавядаць санітарна-эпідэміялагічным, супрацьпажарным патрабаванням, а таксама патрабаванням тэхнічных нарматыўных прававых актаў у галіне тэхнічнага нарміравання і стандартызацыі.

Закрытая пляцоўка – капітальная пабудова (будынак, збудаванне), памяшканне, што выкарыстоўваюцца для правядзення дыскатэкі.

Адкрытая пляцоўка – танцавальная пляцоўка і іншыя месцы пад адкрытым небам, спецыяльна прызначаныя для правядзення дыскатэкі.

3. Арганізатарам дыскатэк з’яўляецца юрыдычная асоба, індывідуальны прадпрымальнік, якія ажыццяўляюць дзейнасць па арганізацыі і правядзенні дыскатэк.

4. Правядзенне дыскатэк на адкрытых пляцоўках ажыццяўляецца да дваццаці трох гадзін, за выключэннем дыскатэк, якія праводзяцца па рашэнні дзяржаўных органаў або па ўзгадненні з імі. Час правядзення дыскатэк на адкрытых пляцоўках можа быць працягнуты па ўзгадненні з кіраўнікамі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў базавага тэрытарыяльнага ўзроўню або асобамі, імі ўпаўнаважанымі.

5. Правядзенне дыскатэк у перыяд з дваццаці трох да шасці гадзін ажыццяўляецца на закрытых пляцоўках, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных пунктам 4 гэтага артыкула.

6. Пры правядзенні дыскатэкі на адкрытай пляцоўцы тэрыторыя гэтай пляцоўкі павінна быць адгароджана ад праезнай часткі плотам або агароджай для забеспячэння бяспекі наведвальнікаў дыскатэкі, іншых грамадзян, а таксама ўдзельнікаў дарожнага руху.

7. Арганізатары дыскатэк маюць права:

7.1. устанаўліваць правілы правядзення дыскатэк з улікам патрабаванняў гэтага Кодэкса;

7.2. устанаўліваць плату за ўваход на дыскатэку;

7.3. прымяняць піратэхнічныя сродкі толькі пры ўмове выканання патрабаванняў адпаведных тэхнічных нарматыўных прававых актаў.

8. Наведвальнікі дыскатэкі маюць права на:

8.1. атрыманне інфармацыі аб узроставым складзе і максімальнай колькасці наведвальнікаў дыскатэкі, мерах па забеспячэнні грамадскага парадку;

8.2. наведванне дыскатэкі незалежна ад полу, расы, мовы, рэлігійных, палітычных або іншых перакананняў, нацыянальнасці, сацыяльнага паходжання, маёмаснага, службовага становішча і іншых прыкмет.

9. У мэтах аховы грамадскага парадку і забеспячэння грамадскай бяспекі на дыскатэку не дапускаюцца грамадзяне, якія:

9.1. маюць пры сабе алкагольныя, слабаалкагольныя напоі і (або) піва, наркатычныя сродкі, псіхатропныя рэчывы, іх аналагі, таксічныя або іншыя адурманьваючыя рэчывы, халодную, агнястрэльную, газавую або іншую зброю, выбухованебяспечныя рэчывы і боепрыпасы, іх імітатары і муляжы, а таксама спецыяльна вырабленыя або прыстасаваныя прадметы, выкарыстанне якіх можа ўяўляць пагрозу жыццю і здароўю грамадзян або прычыніць матэрыяльную шкоду юрыдычным асобам, грамадзянам, у тым ліку індывідуальным прадпрымальнікам, сцягі і вымпелы, не зарэгістраваныя ва ўстаноўленым парадку, а таксама эмблемы, сімвалы, плакаты і транспаранты, змест якіх накіраваны на прычыненне шкоды грамадскаму парадку, правам і законным інтарэсам грамадзян;

9.2. знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення або ў стане, выкліканым ужываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў;

9.3. учыняюць дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак, а таксама падбухторваюць іншых асоб да такіх дзеянняў любымі метадамі.

10. У час правядзення дыскатэкі грамадзянам забараняецца:

10.1. знаходзіцца ў стане, выкліканым ужываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў;

10.2. мець пры сабе і (або) выкарыстоўваць прадметы і рэчы, якія забаронены да праносу на дыскатэку ў адпаведнасці з падпунктам 9.1 пункта 9 гэтага артыкула;

10.3. распіваць алкагольныя, слабаалкагольныя напоі, піва ў месцах, не прадугледжаных для гэтага;

10.4. ужываць наркатычныя сродкі, псіхатропныя рэчывы, іх аналагі, таксічныя або іншыя адурманьваючыя рэчывы;

10.5. курыць у месцах, не прадугледжаных для гэтага;

10.6. ажыццяўляць прапаганду вайны, экстрэмісцкай дзейнасці, насілля, жорсткасці і парнаграфіі, у тым ліку з выкарыстаннем плакатаў, транспарантаў або іншых сродкаў;

10.7. ствараць пагрозу грамадскай бяспецы, жыццю і здароўю грамадзян.

11. Пры правядзенні дыскатэкі грамадзяне абавязаны захоўваць грамадскі парадак і выконваць усе законныя патрабаванні яе арганізатара і супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія выконваюць абавязкі па ахове грамадскага парадку.

12. Арганізатары дыскатэк абавязаны:

12.1. забяспечыць бяспеку грамадзян, захаванасць капітальных пабудоў (будынкаў, збудаванняў), памяшканняў і іншай маёмасці;

12.2. выконваць патрабаванні, прадугледжаныя пунктам 9 гэтага артыкула;

12.3. не дапускаць дыскрымінацыі ў адносінах да наведвальнікаў дыскатэкі;

12.4. захоўваць правы наведвальнікаў дыскатэкі, прадугледжаныя гэтым Кодэксам і іншымі актамі заканадаўства;

12.5. спыніць дыскатэку ў выпадку ўзнікнення небяспекі для жыцця і здароўя грамадзян, прычынення шкоды маёмасці грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, або юрыдычных асоб;

12.6. забяспечыць пры неабходнасці арганізацыю аказання грамадзянам медыцынскай дапамогі;

12.7. не выкарыстоўваць праграмы, якія змяшчаюць прапаганду вайны, экстрэмісцкай дзейнасці, насілля, жорсткасці і парнаграфіі;

12.8. выконваць патрабаванні заканадаўства аб аўтарскім праве і сумежных правах і іншага заканадаўства;

12.9. абсталяваць месцы правядзення дыскатэкі сістэмамі відэаназірання і кнопкай трывожнай сігналізацыі з паступленнем сігналу на пульт органаў унутраных спраў;

12.10. выконваць іншыя абавязкі ў адпаведнасці з актамі заканадаўства.

13. Арганізатары дыскатэк, якія арганізуюць правядзенне дыскатэк на адкрытых пляцоўках не на пастаяннай аснове, акрамя абавязкаў, прадугледжаных пунктам 12 гэтага артыкула, у мэтах прадухілення надзвычайных сітуацый і падтрымання правапарадку павінны ўзгадніць правядзенне дыскатэкі з кіраўніком мясцовага выканаўчага і распарадчага органа базавага тэрытарыяльнага ўзроўню або асобай, ім упаўнаважанай, за пяць каляндарных дзён да дня яе правядзення.

  PDF/DOC