Статья 229. Асаблівасці культурнай дзейнасці аўтэнтычных фальклорных калектываў мастацкай творчасці

1. Дзейнасць аўтэнтычных фальклорных калектываў мастацкай творчасці – напрамак культурнай дзейнасці па захаванні аўтэнтычнага фальклору.

2. Аўтэнтычны фальклор – народнае мастацтва ў яго спрадвечным, адэкватным генетычным вытокам выглядзе, без якiх-небудзь апрацовак. Аўтэнтычны фальклор функцыянуе ў натуральным фальклорным асяроддзi пэўнай мясцовасці, iснуе як вусная традыцыя, якая гарманічна злучае ў сабе характэрныя асаблівасці некалькіх відаў і жанраў мастацтва і арыентавана на непасрэдныя, нефармальныя адносiны.

Аўтэнтычны фальклор мае матэрыяльныя і нематэрыяльныя формы iснавання (праявы).

Да матэрыяльных праяў аўтэнтычнага фальклору адносяцца па-мастацку аформленыя прадметы побыту, прылады працы, касцюм, мэбля, посуд, прадметы iншага прызначэння, жыллё, вырабленыя з прымяненнем натуральных матэрыялаў (дрэва, глiна, салома, лаза, лён, воўна i iншае) па традыцыйных тэхналогiях.

Да нематэрыяльных праяў аўтэнтычнага фальклору адносяцца абрадавыя дзеяннi, гульнi, песенны, iнструментальны, танцавальны, празаiчны фальклор i iншае.

3. Аўтэнтычныя фальклорныя калектывы мастацкай творчасці з’яўляюцца адным з фактараў існавання праяў аўтэнтычнага фальклору і носьбітамі адметных для нацыянальных культурных традыцый з’яў i працэсаў.

4. Аўтэнтычныя фальклорныя калектывы мастацкай творчасці ўзнаўляюць адметныя, характэрныя для пэўнай мясцовасці культурныя традыцыi, выкарыстоўваюць традыцыйныя тапанiмiчныя назвы і маюць рэдкiя i адметныя ўзоры прадметаў побыту і прадметаў iншага прызначэння, творы мастацтва, характэрныя для пэўных гiстарычнага перыяду, мясцовасці і этнiчнай групы.

5. Назва аўтэнтычных фальклорных калектываў мастацкай творчасці павінна ўключаць словы «аўтэнтычны фальклорны».

6. Творчая дзейнасць аўтэнтычных фальклорных калектываў мастацкай творчасці накіравана на захаванне ў натуральным асяроддзі праяў аўтэнтычнага фальклору сваёй мясцовасцi:

6.1. абрадаў i звычаяў каляндарнага i сямейна-бытавога цыклаў;

6.2. традыцыйных форм адпачынку i занятку характэрнымi вiдамi дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва;

6.3. імправізацыйнага характару праяў мясцовых спеўных, музычных, танцавальных традыцый, мясцовых традыцый ігры на музычных інструментах, гульняў у натуральным асяроддзі;

6.4. мясцовых песенных, iнструментальных, танцавальных, гульнёва-мастацкiх стыляў;

6.5. традыцыйных складаў выканаўцаў;

6.6. перадачы ў вуснай традыцыі фальклорных ведаў i навыкаў дзецям i моладзi, якiя далучаюцца да аўтэнтычнага фальклору натуральным шляхам;

6.7. вырабу і выкарыстання сцэнічных касцюмаў на аснове мясцовых аўтэнтычных строяў;

6.8. iншых праяў.

7. Аўтэнтычныя фальклорныя калектывы мастацкай творчасці могуць ажыццяўляць культурную дзейнасць на базе арганізацый культуры, устаноў адукацыі, іншых юрыдычных асоб або па месцы жыхарства іх удзельнікаў.

Заснавальнік аўтэнтычнага фальклорнага калектыву мастацкай творчасці па магчымасці прадастаўляе асобнае памяшканне, абсталяванне, музычныя iнструменты, сродкi для фiксацыi нематэрыяльных форм існавання (праяў) аўтэнтычнага фальклору (фота-, аўдыя-, вiдэаапаратура і іншае), дапамагае ў аднаўленні і стварэнні сцэнічных касцюмаў на аснове мясцовых аўтэнтычных строяў, стварае iншыя ўмовы, неабходныя для забеспячэння культурнай дзейнасці аўтэнтычнага фальклорнага калектыву мастацкай творчасці.

8. У заснавальніка аўтэнтычнага фальклорнага калектыву мастацкай творчасці можа ўводзіцца пасада кіраўніка аўтэнтычнага фальклорнага калектыву мастацкай творчасці, які працуе на падставе працоўнага дагавора (кантракта) або ажыццяўляе дзейнасць на падставе грамадзянска-прававога дагавора.

  PDF/DOC