Статья 217. Уваходныя білеты і друкаваная прадукцыя

1. Рэалізацыя ўваходных білетаў і друкаванай прадукцыі, якая ўтрымлівае інфармацыю аб культурна-відовішчным мерапрыемстве, уключаючы праграмы (буклеты), ажыццяўляецца арганізатарам культурна-відовішчнага мерапрыемства або па яго даручэнні (на падставе адпаведных дагавораў) іншымі юрыдычнымі асобамі або грамадзянамі, у тым ліку індывідуальнымі прадпрымальнікамі, за наяўны або безнаяўны разлік.

У выпадках, калі атрыманне пасведчання на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з’яўляецца абавязковым, арганізатар культурна-відовішчнага мерапрыемства і іншыя асобы не маюць права да атрымання арганізатарам культурна-відовішчнага мерапрыемства пасведчання на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь рэалізоўваць уваходныя білеты і друкаваную прадукцыю, якая ўтрымлівае інфармацыю аб культурна-відовішчным мерапрыемстве, уключаючы праграмы (буклеты).

2. Рэалізацыя ўваходных білетаў можа ажыццяўляцца з выкарыстаннем сетак электрасувязі, у тым ліку глабальнай камп’ютарнай сеткі Інтэрнэт (электронны білет), у парадку, устаноўленым арганізатарам культурна-відовішчнага мерапрыемства з улікам патрабаванняў актаў заканадаўства.

3. Уваходны білет павінен утрымліваць:

3.1. звесткі аб арганізатары культурна-відовішчнага мерапрыемства (найменне і месца знаходжання юрыдычнай асобы Рэспублікі Беларусь, замежнай і міжнароднай арганізацыі, у тым ліку якія не з’яўляюцца юрыдычнымі асобамі, прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку (пры яго наяўнасці) індывідуальнага прадпрымальніка, зарэгістраванага ў Рэспубліцы Беларусь, замежнага грамадзяніна, асобы без грамадзянства);

3.2. найменне культурна-відовішчнага мерапрыемства, час (тэрміны) і месца яго правядзення;

3.3. рад і нумар пасадачнага месца (пры іх наяўнасці);

3.4. кошт уваходнага білета;

3.5. серыю і нумар уваходнага білета (устанаўліваюцца арганізатарам культурна-відовішчнага мерапрыемства);

3.6. месца кантролю (штрых-код);

3.7. інфармацыю аб умовах і месцах вяртання ўваходнага білета;

3.8. іншыя звесткі, прадугледжаныя заканадаўчымі актамі.

4. У выпадку, калі ўваходны білет аформлены на бланку дакумента з пэўнай ступенню абароны, ён павінен таксама ўтрымліваць карашок, які застаецца пасля выкарыстання ўваходнага білета ў пачку ўваходных білетаў, надрукаваным і прашытым (збрашураваным) друкарскім спосабам.

5. Уваходныя білеты могуць быць вернуты па ініцыятыве грамадзяніна, юрыдычнай асобы не пазней чым за адзін каляндарны дзень да дня правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства. Пры гэтым грамадзяніну або юрыдычнай асобе, якія вярнулі ўваходны білет, кампенсуецца не менш за 75 працэнтаў кошту ўваходнага білета.

6. У выпадку змянення складу ўдзельнікаў культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства, адмены, змянення аб’яўленых часу (тэрмінаў) і (або) месца правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства, замены яго іншым:

6.1. грамадзянін мае права наведаць гэта культурна-відовішчнае мерапрыемства на падставе наяўнага ўваходнага білета (за выключэннем выпадку адмены культурна-відовішчнага мерапрыемства);

6.2. грамадзянін, юрыдычная асоба маюць права вярнуць уваходны білет і атрымаць грашовую кампенсацыю кошту ўваходнага білета ў поўным памеры.

7. Арганізатар культурна-відовішчнага мерапрыемства ў выпадках вяртання ўваходных білетаў, якія прадугледжаны пунктам 6 гэтага артыкула, абавязаны выплаціць грамадзяніну, юрыдычнай асобе грашовую кампенсацыю кошту ўваходнага білета не пазней за сем каляндарных дзён з дня падачы заявы аб выплаце грашовай кампенсацыі.

Выплата грашовай кампенсацыі кошту ўваходнага білета, набытага па безнаяўным разліку, ажыццяўляецца, як правіла, на банкаўскі рахунак грамадзяніна або юрыдычнай асобы.

  PDF/DOC