Статья 189. Майстар народных мастацкіх рамёстваў. Статус народнага майстра

1. Майстар народных мастацкіх рамёстваў – грамадзянін, які стварае вырабы народных мастацкіх рамёстваў самастойна, у тым ліку ў рамках прадпрымальніцкай або рамесніцкай дзейнасці, або працуе на падставе працоўнага дагавора (кантракта), або ажыццяўляе дзейнасць на падставе грамадзянска-прававога дагавора ў арганізацыі культуры, іншай юрыдычнай асобе, індывідуальнага прадпрымальніка.

2. Творчая дзейнасць майстроў народных мастацкіх рамёстваў ажыццяўляецца ў наступных вiдах народных мастацкіх рамёстваў:

2.1. разьба па дрэве;

2.2. роспiс па дрэве, тканiне, шкле;

2.3. саломапляценне;

2.4. пляценне i вырабы з раслiнных матэрыялаў мясцовага паходжання (лазы, чароту, карэння, бяросты, дранкі, лыка i іншых матэрыялаў);

2.5. аплiкацыя i iнкрустацыя саломкай;

2.6. ткацтва на ручных i ткацкiх станках;

2.7. ткацтва, пляценне, вiццё паясоў;

2.8. вышыўка ручная;

2.9. карункапляценне i вязанне карункаў;

2.10. ганчарства;

2.11. выраб глiнянай цацкi;

2.12. кавальства;

2.13. бондарства;

2.14. выцiнанка;

2.15. выраб народных касцюмаў у мясцовых i рэгiянальных традыцыях з захаваннем традыцыйных тэхналогiй ткацтва, вышыўкi;

2.16. выраб сувенiрных этнаграфiчных лялек у народных касцюмах;

2.17. ручное мастацкае вязанне ў беларускiх народных традыцыях;

2.18. мастацкая апрацоўка скуры;

2.19. выраб уручную мастацкай мэблi з дрэва;

2.20. нiзанне бiсеру;

2.21. пiсанкарства (выраб велiкодных яек-пiсанак);

2.22. пернiкарства i выраб абраднага печыва (вясельныя караваi i іншае печыва);

2.23. iншыя вiды народных мастацкіх рамёстваў.

3. Майстру народных мастацкіх рамёстваў, вырабы якога характарызуюцца арганiчным увасабленнем калектыўнага мастацкага вопыту беларускага народа, маюць выразныя нацыянальную самабытнасць i мастацкую вартасць, надаецца статус народнага майстра.

4. Статус народнага майстра надаецца ў мэтах:

4.1. падтрымкі і развіцця народных мастацкіх рамёстваў, захавання творчай індывідуальнасці і самабытнасці майстроў народных мастацкіх рамёстваў;

4.2. папулярызацыі творчай дзейнасці майстроў народных мастацкіх рамёстваў;

4.3. захавання традыцыйных тэхналогiй стварэння вырабаў народных мастацкіх рамёстваў;

4.4. стварэння ўмоў для адраджэння, захавання і пераемнасці традыцый народных мастацкіх рамёстваў;

4.5. актывізацыі культурна-асветнай работы;

4.6. вызначэння прыярытэтаў у развіцці відаў народных мастацкіх рамёстваў.

5. Статус народнага майстра можа надавацца майстру народных мастацкіх рамёстваў, які:

5.1. з’яўляецца носьбітам этнічных традыцый, што ўвасабляе беларускую нацыянальную ментальнасць, пераемнікам і прадаўжальнікам традыцый народных мастацкіх рамёстваў;

5.2. пераняў майстэрства па адпаведным відзе народнага мастацкага рамяства або набыў яго самастойна ў працэсе творчай дзейнасцi;

5.3. у сваёй дзейнасці абапiраецца на мясцовыя традыцыі народных мастацкіх рамёстваў і творча iх развiвае, праяўляе творчыя здольнасцi да iндывiдуальнай iнтэрпрэтацыi;

5.4. прымае ўдзел у выстаўках, святах, конкурсах, фестывалях народнай творчасці і іншых культурных мерапрыемствах.

6. Статус народнага майстра можа быць нададзены грамадзяніну, які стварае творы выяўленчага мастацтва i мастацкая творчасць якога характарызуецца нацыянальнай самабытнасцю.

7. Хадайнiцтва аб наданнi статусу народнага майстра дасылаецца ў Мiнiстэрства культуры:

7.1. грамадскiм аб’яднаннем «Беларускi саюз майстроў народнай творчасцi» – у адносінах да майстроў народных мастацкіх рамёстваў, якія з’яўляюцца членамі гэтага грамадскага аб’яднання;

7.2. дзяржаўным вытворча-гандлёвым аб’яднаннем «Белмастацпромыслы» – у адносінах да майстроў народных мастацкіх рамёстваў, якія працуюць на падставе працоўнага дагавора (кантракта) або ажыццяўляюць дзейнасць на падставе грамадзянска-прававога дагавора ў арганізацыях, якія ўваходзяць у дзяржаўнае вытворча-гандлёвае аб’яднанне «Белмастацпромыслы»;

7.3. структурнымi падраздзяленнямi мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў абласнога тэрытарыяльнага ўзроўню, якiя ажыццяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы культуры, – у адносінах да іншых майстроў народных мастацкіх рамёстваў па выніках іх удзелу ў культурных мерапрыемствах.

8. Да хадайнiцтва аб наданнi статусу народнага майстра прыкладаюцца вырабы народных мастацкіх рамёстваў або iх фота-, вiдэаздымкi, слайды, даведка аб творчай дзейнасцi прэтэндэнта на наданне статусу народнага майстра, дакументы, якія пацвярджаюць наяўнасць у яго званняў, прэмій, іншых заахвочванняў за ўдзел у культурных мерапрыемствах, рэкамендацыi структурных падраздзяленняў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў базавага тэрытарыяльнага ўзроўню, якiя ажыццяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы культуры, абласных аддзяленняў грамадскага аб’яднання «Беларускi саюз майстроў народнай творчасцi».

9. Хадайнiцтва аб наданнi статусу народнага майстра разглядаецца экспертнай камісіяй па народных мастацкіх рамёствах не пазней за трыццаць каляндарных дзён з дня яго атрымання.

Па вынiках разгляду хадайнiцтва аб наданнi статусу народнага майстра экспертная камісія па народных мастацкіх рамёствах дае заключэнне аб наданнi (адмове ў наданні) статусу народнага майстра. На падставе заключэння аб наданнi статусу народнага майстра Мiнiстэрствам культуры выдаецца пасведчанне народнага майстра па форме, устаноўленай гэтым Міністэрствам.

10. Дзяржаўныя органы садзейнiчаюць стварэнню народнымі майстрамі вырабаў народных мастацкіх рамёстваў, перадачы iх прафесійнага майстэрства па адпаведным вiдзе народнага мастацкага рамяства, арганізацыі і правядзенню культурных мерапрыемстваў з удзелам народных майстроў.

  PDF/DOC