Статья 182. Доступ да музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў і да інфармацыі аб іх. Парадак работы наведвальнікаў музеяў з музейнымі прадметамі, навукова-дапаможнымі і сыравіннымі матэрыяламі

1. Музейныя прадметы, навукова-дапаможныя і сыравінныя матэрыялы з’яўляюцца даступнымі для агляду наведвальнікамі музеяў.

2. Дакладная iнфармацыя аб асабліва каштоўных музейных прадметах уключаецца ў Дзяржаўны каталог Музейнага фонду Рэспублiкi Беларусь i з’яўляецца даступнай для наведвальнiкаў музеяў.

3. Доступ да iнфармацыi, якая змяшчаецца ў друкаваных i электронных каталогах музеяў, з’яўляецца адкрытым, за выключэннем iнфармацыi аб музейных прадметах, якія залічаны ў культурна-гістарычны фонд Дзяржаўнага фонду каштоўных металаў і каштоўных камянёў Рэспублікі Беларусь або якія адносяцца да зброі, а таксама iнфармацыi аб асобах, якiя перадалі ў музей музейныя прадметы.

4. Iнфармацыя аб паходжаннi, кошце, дакладным месцы знаходжання музейных прадметаў, зафiксаваная ва ўлiковых дакументах музея, з’яўляецца інфармацыяй, распаўсюджванне і (або) прадастаўленне якой абмежавана ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

5. Работа наведвальнікаў музеяў з музейнымі прадметамі, навукова-дапаможнымі і сыравіннымі матэрыяламі, якія захоўваюцца ў музеі, выконваецца на падставе пісьмовай заявы, у якой указваецца дакладная і аргументаваная мэта работы, і пісьмовага дазволу кіраўніка музея, які з’яўляецца юрыдычнай асобай, або кіраўніка юрыдычнай асобы, падраздзяленнем якой з’яўляецца музей.

6. У мэтах забеспячэння захаванасці музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў і выключэння магчымага негатыўнага ўздзеяння на іх доступ да работы з музейнымі прадметамі, навукова-дапаможнымі і сыравіннымі матэрыяламі, якія захоўваюцца ў музеі, можа быць абмежаваны, калі:

6.1. музейны прадмет, навукова-дапаможны і сыравінны матэрыял маюць нездавальняючы стан захаванасці;

6.2. адкрыты доступ да музейнага прадмета, навукова-дапаможнага і сыравіннага матэрыялу пагражае іх захаванасці;

6.3. музейны прадмет, навукова-дапаможны і сыравінны матэрыял знаходзяцца ў працэсе кансервацыі або рэстаўрацыі;

6.4. музейны прадмет, навукова-дапаможны і сыравінны матэрыял знаходзяцца ў працэсе тэхнічнага афармлення, навуковых даследаванняў музейных работнікаў;

6.5. музейны прадмет з’яўляецца аўтэнтычнай формай пісьменнасці або выяўленчага мастацтва (дакументы, рукапісы, старадрукаваныя выданні, фотадакументы, графіка і іншае);

6.6. музейны прадмет з’яўляецца асабліва каштоўным музейным прадметам.

7. Доступ да работы з музейнымі прадметамі, якія не ўключаны ў Музейны фонд Рэспублікі Беларусь, навукова-дапаможнымі і сыравіннымі матэрыяламі прыватнага музея можа быць абмежаваны па іншых прычынах у адпаведнасці з рашэннем кіраўніка музея, які з’яўляецца юрыдычнай асобай, або кіраўніка юрыдычнай асобы, падраздзяленнем якой з’яўляецца музей.

8. Пры наяўнасці страхавых копій музейных прадметаў, якія з’яўляюцца аўтэнтычнай формай пісьменнасці або выяўленчага мастацтва (дакументы, рукапісы, старадрукаваныя выданні, фотадакументы, графіка і іншае), для работы наведвальнікам музеяў прадастаўляюцца страхавыя копіі такіх музейных прадметаў.

9. Музей арганізуе работу наведвальнікаў музеяў з музейнымі прадметамі, навукова-дапаможнымі і сыравіннымі матэрыяламі ў асобных або службовых памяшканнях і ў прысутнасці музейнага работніка. Работа наведвальнікаў музеяў з музейнымі прадметамі, навукова-дапаможнымі і сыравіннымі матэрыяламі ў фондасховішчах музеяў не дапускаецца, за выключэннем выпадкаў, калі музейныя прадметы, навукова-дапаможныя і сыравінныя матэрыялы маюць вялікія памеры.

10. Наведвальнікі музеяў, якія атрымалі доступ да музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў, павінны быць зарэгістраваны ў журнале рэгістрацыі наведвальнікаў музея і азнаёмлены з правіламі работы наведвальнікаў музеяў з музейнымі прадметамі, навукова-дапаможнымі і сыравіннымі матэрыяламі.

Правілы работы наведвальнікаў музеяў з музейнымі прадметамі, навукова-дапаможнымі і сыравіннымі матэрыяламі зацвярджаюцца кіраўніком музея, які з’яўляецца юрыдычнай асобай, або кіраўніком юрыдычнай асобы, падраздзяленнем якой з’яўляецца музей.

11. Выраб выяўленчай, друкаванай, сувенірнай і іншай тыражаванай прадукцыі і вытворчасць тавараў народнага спажывання з выкарыстаннем выяў музейных прадметаў, а таксама публiкацыя выяў музейных прадметаў ажыццяўляюцца толькі з дазволу музеяў.

12. Забараняецца выкарыстанне музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў ва ўмовах, якія ствараюць пагрозу іх захаванасці і (або) могуць прывесці да іх пашкоджання, страты або знішчэння.

13. Наведвальнікі музеяў, якія дапусцілі пашкоджанне, страту або знішчэнне музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў, нясуць адказнасць у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

  PDF/DOC