Статья 176. Улік прадметаў музейнага значэння, музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў

1. Улік прадметаў музейнага значэння, музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў арганізуецца музеямі для забеспячэння кантролю за іх выкарыстаннем і захаванасцю, своечасовага і дакладнага прадстаўлення звестак аб іх колькасці і месцы знаходжання.

Музейныя прадметы, уключаныя ў Музейны фонд Рэспублікі Беларусь, падлягаюць ацэнцы кошту ў выпадках і парадку, прадугледжаных актамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

2. Улік музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў вядзецца ў залежнасці ад структурных элементаў музейнага фонду, да якіх яны аднесены.

3. Рэгістрацыя і рух прадметаў музейнага значэння, музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў афармляюцца ўліковымі дакументамі, формы якіх устанаўліваюцца Міністэрствам культуры.

Па рашэнні кіраўніка музея, які з’яўляецца юрыдычнай асобай, або кіраўніка юрыдычнай асобы, падраздзяленнем якой з’яўляецца музей, у музеі могуць быць зацверджаны формы дадатковых уліковых дакументаў.

4. Вынас з музея ўліковых дакументаў забараняецца, акрамя выпадкаў, прадугледжаных заканадаўчымі актамі.

5. Пасля рэгістрацыі прадметаў музейнага значэння, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў ім надаюцца ўліковыя абазначэнні (ідэнтыфікацыйныя нумары).

6. Асабліва каштоўныя музейныя прадметы падлягаюць цэнтралізаванаму ўліку, які ажыццяўляецца шляхам уключэння звестак аб гэтых музейных прадметах у Дзяржаўны каталог Музейнага фонду Рэспублiкi Беларусь.

Рашэнне аб аднясенні музейных прадметаў да асабліва каштоўных музейных прадметаў, за выключэннем музейных прадметаў, якім нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, прымаецца музеем, які з’яўляецца юрыдычнай асобай, або юрыдычнай асобай, падраздзяленнем якой з’яўляецца музей. Гэта рашэнне падлягае ўзгадненню з экспертным саветам па пытаннях аднясення музейных прадметаў, уключаных у Музейны фонд Рэспублікі Беларусь, да асабліва каштоўных музейных прадметаў, які ствараецца пры Міністэрстве культуры або юрыдычнай асобе, ім упаўнаважанай.

7. Асаблівасці ўліку музейных прадметаў, залічаных у культурна-гiстарычны фонд Дзяржаўнага фонду каштоўных металаў i каштоўных камянёў Рэспублiкi Беларусь, устанаўлiваюцца заканадаўствам у сферы дзейнасцi з каштоўнымi металамi i каштоўнымi камянямi. Асаблівасці ўліку музейных прадметаў, якія адносяцца да зброі, устанаўліваюцца заканадаўствам аб зброі.

  PDF/DOC