Статья 150. Карыстальнікі бібліятэк. Правы і абавязкі карыстальнікаў бібліятэк

1. Юрыдычныя асобы, грамадзяне, у тым ліку індывідуальныя прадпрымальнікі, якім аказваюцца паслугі бібліятэк, з’яўляюцца іх карыстальнікамі.

Парадак карыстання бібліятэкай, пералік асноўных паслуг і ўмовы іх аказання ўстанаўліваюцца ў адпаведнасці з гэтым Кодэксам, статутам (палажэннем) бібліятэкі і правіламі карыстання бібліятэкай.

2. Карыстальнікі бібліятэк маюць права на бiблiятэчнае, iнфармацыйнае i даведачна-бiблiяграфiчнае абслугоўванне згодна з іх патрэбнасцямi i iнтарэсамi.

3. Права на бiблiятэчнае, iнфармацыйнае i даведачна-бiблiяграфiчнае абслугоўванне забяспечваецца шляхам:

3.1. стварэння розных відаў бiблiятэк;

3.2. садзейнічання доступу да нацыянальных i сусветных баз даных;

3.3. арганізацыі мiжбiблiятэчнага абанемента;

3.4. электроннай дастаўкі дакументаў;

3.5. арганізацыі бiблiятэчнага, iнфармацыйнага i даведачна-бiблiяграфiчнага абслугоўвання карыстальнікаў бібліятэк па месцы жыхарства (знаходжання), працы (службы), вучобы, адпачынку;

3.6. выкарыстання нестацыянарных форм абслугоўвання;

3.7. стварэння і функцыянавання на базе дзяржаўных публічных бібліятэк публічных цэнтраў прававой інфармацыі.

4. Карыстальнікі дзяржаўных бібліятэк маюць права:

4.1. бясплатна атрымліваць поўную інфармацыю аб складзе і змесце бібліятэчных фондаў;

4.2. бясплатна атрымліваць кансультацыйную дапамогу ў пошуку крыніц інфармацыі;

4.3. бясплатна атрымліваць для часовага карыстання дакументы з бібліятэчных фондаў;

4.4. атрымліваць доступ да інфармацыйных рэсурсаў бібліятэк;

4.5. атрымліваць дакументы або іх копіі па міжбібліятэчным абанеменце;

4.6. прымаць удзел у культурных мерапрыемствах, якія праводзяцца бібліятэкамі;

4.7. выкарыстоўваць у зонах абслугоўвання карыстальнікаў бібліятэк тэхнічныя сродкі на аўтаномным сілкаванні без гукавых сігналаў, за выключэннем капіравальных прыбораў (сканераў, аўдыя-, фота- і відэаапаратуры), мабільных тэлефонаў і іншых тэхнічных сродкаў у мэтах фота- і відэаздымкі дакументаў з бібліятэчных фондаў;

4.8. карыстацца паслугамі бібліятэк, у тым ліку платнымі;

4.9. іншыя правы ў адпаведнасці з актамі заканадаўства.

5. Асобы з аслабленым зрокам і асобы, пазбаўленыя зроку, маюць права на атрыманне дакументаў на спецыяльных матэрыяльных носьбітах інфармацыі.

6. Інваліды і іншыя фізічна аслабленыя асобы маюць пераважнае права атрымліваць дакументы з бібліятэчных фондаў публічных бібліятэк праз нестацыянарныя формы абслугоўвання.

7. Карыстальнікі бібліятэк маюць права ўдзельнічаць у дзейнасці папячыцельскіх саветаў, аб’яднанняў карыстальнікаў бібліятэк.

8. Незаконныя дзеянні (бяздзейнасць) службовых асоб бібліятэк, якiя абмяжоўваюць правы карыстальнікаў бібліятэк, могуць быць абскарджаны ў вышэйстаячую арганізацыю, кіраўніку юрыдычнай асобы, падраздзяленнем якой з’яўляецца бібліятэка, і (або) у суд.

9. Карыстальнікі бібліятэк абавязаны:

9.1. выконваць правілы карыстання бібліятэкай;

9.2. беражліва адносіцца да бібліятэчных фондаў;

9.3. ва ўстаноўленыя бібліятэкай тэрміны вяртаць дакументы, атрыманыя з бібліятэчных фондаў;

9.4. праходзіць перарэгістрацыю карыстальнікаў бібліятэк у тэрмін і ў адпаведнасці з парадкам рэгістрацыі карыстальнікаў бібліятэк;

9.5. пры атрыманні дакументаў з дэфектамі паведаміць аб гэтым бібліятэчнаму работніку;

9.6. выконваць іншыя абавязкі ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

10. Доступ да дакументаў з бібліятэчных фондаў і інфармацыйных рэсурсаў можа быць абмежаваны ў выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі.

11. Карыстальнікам бібліятэк забараняецца:

11.1. наведваць бібліятэку ў стане алкагольнага ап’янення або ў стане, выкліканым ужываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў;

11.2. уваходзіць у бібліятэку з жывёламі, за выключэннем карыстальнікаў бібліятэк – асоб з аслабленым зрокам і асоб, якія страцілі зрок, у суправаджэнні сабакі-павадыра;

11.3. уносіць у бібліятэку друкаваныя выданні, колючыя і рэжучыя прадметы, калі іншае не прадугледжана правіламі карыстання бібліятэкай;

11.4. выносіць дакументы з памяшкання бібліятэкі без запісу ў формах уліку, устаноўленых бібліятэкай;

11.5. уносіць і выкарыстоўваць капіравальныя прыборы (сканеры, аўдыя-, фота- і відэаапаратуру), мабільныя тэлефоны і іншыя тэхнічныя сродкі ў мэтах фота- і відэаздымкі дакументаў з бібліятэчных фондаў;

11.6. перадаваць чытацкі білет іншым асобам або карыстацца чытацкім білетам іншай асобы.

12. У выпадку страты, пашкоджання дакументаў з бібліятэчных фондаў карыстальнікі бібліятэк замяняюць іх ідэнтычнымі, раўнацэннымі дакументамі. Пры адсутнасці магчымасці замены дакументаў карыстальнікі бібліятэк кампенсуюць іх кошт у адпаведнасці з грамадзянскім заканадаўствам.

13. Карыстальнікам бібліятэк, якія парушылі тэрміны вяртання дакументаў з бібліятэчных фондаў, да моманту вяртання гэтых дакументаў выдача новых дакументаў не ажыццяўляецца.

  PDF/DOC