Статья 147. Дакументаабмен і пераразмеркаванне дакументаў

1. Дакументаабмен і пераразмеркаванне дакументаў – бязвыплатная перадача з адной бібліятэкі празмерна дублетных (паўторных) і няпрофільных для гэтай бібліятэкі дакументаў іншай бібліятэцы для папаўнення яе фонду.

Перадача дакументаў, якія складаюць Бібліятэчны фонд Рэспублікі Беларусь і пастаянна захоўваюцца ў дзяржаўных бібліятэках, дазваляецца толькі дзяржаўным бібліятэкам.

2. Дакументаабмен і пераразмеркаванне дакументаў арганізуюцца па тэрытарыяльным і тэрытарыяльна-галіновым прынцыпах.

3. У мэтах дакументаабмену і пераразмеркавання дакументаў бібліятэкі ствараюць абменныя фонды.

4. Абменныя фонды фарміруюцца з празмерна дублетных (паўторных), няпрофільных для гэтай бібліятэкі дакументаў, якія:

4.1. выключаны з асноўнага фонду;

4.2. паступілі ў якасці бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі, ахвяраванняў.

5. Парадак уліку абменных фондаў зацвярджаецца кіраўніком бібліятэкі, якая з’яўляецца юрыдычнай асобай, па ўзгадненні з заснавальнікам бібліятэкі або кіраўніком юрыдычнай асобы, падраздзяленнем якой з’яўляецца бібліятэка, у адпаведнасці з патрабаваннямі гэтага Кодэкса.

6. Для ўзаемнага інфармавання аб складзе абменных фондаў бібліятэкі рэгулярна фарміруюць і распаўсюджваюць (у тым ліку па электронных каналах) спісы (паказальнікі, пералікі) дакументаў, прызначаных для дакументаабмену і пераразмеркавання.

7. Дакументаабмен і пераразмеркаванне дакументаў могуць ажыццяўляцца на пастаяннай аснове або па разавых запытах.

Дакументаабмен і пераразмеркаванне дакументаў афармляюцца адпаведнымі актамі, якія складаюцца ў двух экзэмплярах і дапаўняюцца спісамі (паказальнікамі, пералікамі) перадаваемых дакументаў.

Выдаткі па транспарціроўцы дакументаў, якія перадаюцца ў межах дакументаабмену і пераразмеркавання дакументаў, аплачваюцца па дамоўленасці бакоў.

8. У бібліятэках, якія ажыццяўляюць дакументаабмен і пераразмеркаванне дакументаў, прадугледжваюцца:

8.1. функцыянаванне асобнага падраздзялення, вызначэнне асобных штатных адзінак, адказных за выкананне абавязкаў па забеспячэнні дакументаабмену і пераразмеркавання дакументаў;

8.2. выдзяленне асобнага памяшкання (часткі памяшкання) для размяшчэння абменнага фонду і работы з ім.

9. Парадак дакументаабмену і пераразмеркавання дакументаў, прадугледжаны гэтым артыкулам, не распаўсюджваецца на дакументы, якім нададзены статус гiсторыка-культурнай каштоўнасці, і дакументы, якiя залічаны ў культурна-гiстарычны фонд Дзяржаўнага фонду каштоўных металаў i каштоўных камянёў Рэспублiкi Беларусь.

  PDF/DOC