Статья 145. Арганізацыя бібліятэчных фондаў. Выключэнне дакументаў з бібліятэчных фондаў

1. Арганiзацыя бібліятэчных фондаў – сукупнасць працэсаў прыёму, улiку, апрацоўкi, размяшчэння i захавання дакументаў.

2. Улiк бiблiятэчных фондаў ажыццяўляецца бібліятэкай у мэтах забеспячэння захаванасцi, кантролю за наяўнасцю i рухам дакументаў.

Улiк бiблiятэчнага фонду ўключае рэгiстрацыю, маркiроўку, iнвентарызацыю, ацэнку кошту дакументаў, якія складаюць бібліятэчны фонд, падвядзенне вынiкаў руху бібліятэчнага фонду i праверку бібліятэчнага фонду.

3. Кiраўнік бібліятэкі, якая з’яўляецца юрыдычнай асобай, або кіраўнік юрыдычнай асобы, падраздзяленнем якой з’яўляецца бiблiятэка, павiнны ствараць умовы для забеспячэння арганiзацыi ўлiку i захоўвання бiблiятэчнага фонду, а таксама правядзення пераплёту дакументаў i санiтарна-гiгiенiчнай апрацоўкi бібліятэчнага фонду. Для захоўвання бiблiятэчнага фонду павінны выкарыстоўвацца прыстасаваныя памяшканнi, якія забяспечваюць неабходныя тэмпературна-вільготнасны, светлавы і біялагічны рэжымы, спецыяльнае абсталяванне.

4. Пры захоўванні кніжных помнікаў абавязковай умовай з’яўляецца абмежаванне асвятлення. Вокны ў памяшканнi, дзе захоўваюцца кніжныя помнікі, забяспечваюцца святлозатрымлiваючымi прыстасаваннямi (матавае шкло, шторы). Ужыванне лямп дзённага святла як пастаяннай крынiцы асвятлення не дапускаецца.

Захоўванне кніжных помнікаў, іншых найбольш каштоўных дакументаў у працэсе іх выкарыстання забяспечваецца стварэннем страхавога фонду.

Страхавы фонд фарміруецца шляхам мiкрафотакапiравання або пераносу дакументаў на матэрыяльныя носьбіты інфармацыі і прызначаны для іх пастаяннага захоўвання.

5. Асаблівасці выкарыстання дакументаў, якія залічаны ў культурна-гістарычны фонд Дзяржаўнага фонду каштоўных металаў і каштоўных камянёў Рэспублікі Беларусь, вызначаюцца заканадаўствам у сферы дзейнасці з каштоўнымі металамі і каштоўнымі камянямі.

6. Выключэнне дакументаў з бібліятэчнага фонду (рэкамплектаванне) – адбор, выдаленне з бібліятэчнага фонду i зняцце з улiку дакументаў, далейшае захаванне якiх прызнана немэтазгодным. Да такіх дакументаў адносяцца няпрофiльныя, састарэлыя па змесце, празмерна дублетныя (паўторныя), дэфектныя, зношаныя i iншыя дакументы.

Выключаныя з бібліятэчных фондаў дакументы могуць быць перададзены бібліятэкамі бясплатна або за плату іншым бібліятэкам і юрыдычным асобам, у тым ліку шляхам дакументаабмену і пераразмеркавання дакументаў, або грамадзянам.

7. Арганiзацыя бібліятэчных фондаў і выключэнне з іх дакументаў, акрамя арганізацыі бібліятэчных фондаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і выключэння з іх дакументаў, афармляюцца ўліковымі дакументамі, формы якіх устанаўліваюцца Міністэрствам культуры.

Арганiзацыя бібліятэчных фондаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і выключэнне з іх дакументаў афармляюцца ўліковымі дакументамі, формы якіх устанаўліваюцца Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь па ўзгадненні з Міністэрствам культуры.

  PDF/DOC