Статья 142. Кніжныя помнікі. Дзяржаўны рэестр кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь

1. Кніжныя помнікі – рукапісныя кнігі, друкаваныя выданні, якім нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці або якія з’яўляюцца рэдкімі ці каштоўнымі дакументамі і маюць адметныя гістарычныя, навуковыя, мастацкія або іншыя вартасці.

2. Дзяржаўны рэестр кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой сукупнасць звестак аб кніжных помніках, якія ўключаны ў Бібліятэчны фонд Рэспублікі Беларусь, а таксама якія належаць юрыдычным асобам і грамадзянам на праве ўласнасці, іншай законнай падставе і ўключаны ў Дзяржаўны рэестр кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь са згоды гэтых юрыдычных асоб і грамадзян.

3. Дзяржаўны рэестр кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь ствараецца ў мэтах уліку і сістэматызацыі звестак аб кніжных помніках, ідэнтыфікацыі і папулярызацыі кніжных помнікаў.

4. Фарміруе і вядзе Дзяржаўны рэестр кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь дзяржаўная ўстанова «Нацыянальная бібліятэка Беларусі».

5. Пры змене ўласніка кніжнага помніка, уключанага ў Дзяржаўны рэестр кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь, яго былы ўласнік абавязаны не пазней за дзесяць каляндарных дзён з дня спынення права ўласнасці на кніжны помнік пісьмова паведаміць аб гэтым у дзяржаўную ўстанову «Нацыянальная бібліятэка Беларусі» для ўнясення неабходных змяненняў у Дзяржаўны рэестр кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь.

Уласнікі (уладальнікі) кніжных помнікаў, уключаных у Дзяржаўны рэестр кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь, у выпадку змянення звестак, унесеных у Дзяржаўны рэестр кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь, абавязаны не пазней за трыццаць каляндарных дзён з дня ўзнікнення падставы для іх змянення пісьмова паведаміць аб гэтым у дзяржаўную ўстанову «Нацыянальная бібліятэка Беларусі» для ўнясення неабходных змяненняў у Дзяржаўны рэестр кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь.

6. Дзяржаўная ўстанова «Нацыянальная бібліятэка Беларусі» не пазней за сем каляндарных дзён з дня атрымання пісьмовага паведамлення аб змяненні звестак уносіць у Дзяржаўны рэестр кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь неабходныя змяненні.

7. Дзяржаўны рэестр кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь вядзецца на беларускай мове.

8. Звесткі, якія змяшчаюцца ў Дзяржаўным рэестры кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь, з’яўляюцца адкрытымі і размяшчаюцца на афіцыйным сайце дзяржаўнай установы «Нацыянальная бібліятэка Беларусі» ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт, за выключэннем звестак, якія датычаць інфармацыі, распаўсюджванне і (або) прадастаўленне якой абмежавана ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

  PDF/DOC