Статья 139. Сеткі бібліятэк. Сукупная сетка бібліятэк

1. Сетка бібліятэк – сукупнасць бібліятэк, якія аб’яднаны ў адпаведнасці з іх прызначэннем, тэрытарыяльнай прыналежнасцю і (або) заснавальнікам і маюць каардынацыйны і метадычны цэнтр.

2. Сукупная сетка бібліятэк складаецца з сетак публічных і сетак спецыяльных бібліятэк.

Каардынацыйным і метадычным цэнтрам сукупнай сеткі бібліятэк з’яўляецца дзяржаўная ўстанова «Нацыянальная бібліятэка Беларусі».

3. Аднясенне бібліятэк да пэўных сетак бібліятэк ажыццяўляецца іх заснавальнікамі.

Сярод каардынацыйных і метадычных цэнтраў сетак бібліятэк вылучаюць каардынацыйныя і метадычныя цэнтры рэспубліканскага, абласнога, раённага і гарадскога ўзроўняў.

4. Каардынацыйнымі і метадычнымі цэнтрамі рэспубліканскага ўзроўню з’яўляюцца:

4.1. у сетках публічных бібліятэк – дзяржаўная ўстанова «Нацыянальная бібліятэка Беларусі»;

4.2. у сетках спецыяльных бібліятэк – дзяржаўныя ўстановы «Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь», «Рэспубліканская навукова-тэхнічная бібліятэка», «Рэспубліканская навуковая медыцынская бібліятэка», «Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», «Беларуская сельскагаспадарчая бібліятэка імя І.С.Лупіновіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», Навукова-педагагічная бібліятэка ўстановы «Галоўны інфармацыйна-аналітычны цэнтр Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь» і Фундаментальная бібліятэка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

5. У сетках спецыяльных бібліятэк для пэўных відаў спецыяльных бібліятэк Міністэрствам культуры вызначаюцца каардынацыйныя і метадычныя цэнтры рэспубліканскага ўзроўню з ліку бібліятэк, прадугледжаных падпунктам 4.2 пункта 4 гэтага артыкула.

6. Вызначэнне каардынацыйных і метадычных цэнтраў абласнога, раённага і гарадскога ўзроўняў ажыццяўляецца каардынацыйнымі і метадычнымі цэнтрамі рэспубліканскага ўзроўню па ўзгадненні з заснавальнікамі бібліятэк і Міністэрствам культуры.

  PDF/DOC