Статья 125. Улік археалагічных аб’ектаў і археалагічных артэфактаў

1. Уліку падлягаюць археалагічныя аб’екты, звесткі аб якіх маюцца на дату ўступлення ў сілу гэтага Кодэкса, а таксама археалагічныя аб’екты і археалагічныя артэфакты, якія выяўлены пры правядзенні археалагічных даследаванняў або выпадкова пасля 18 сакавіка 2016 года.

Улік археалагічных аб’ектаў і археалагічных артэфактаў вядзецца Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі або юрыдычнай асобай, ёю ўпаўнаважанай.

2. У мэтах уліку археалагічных аб’ектаў і стварэння адзінай базы даных аб археалагічных аб’ектах вядзецца рэестр археалагічных аб’ектаў.

Рэестр археалагічных аб’ектаў уяўляе сабой сукупнасць звестак аб археалагічных аб’ектах і іх тэрыторыях.

Тэрыторыя археалагiчнага аб’екта – участак зямлi або вадаёма, заняты археалагiчным аб’ектам i звязаны з iм гiстарычна i функцыянальна.

3. Рэестр археалагічных аб’ектаў вядзецца на падставе звестак, якія маюцца ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і (або) у юрыдычнай асобы, ёю ўпаўнаважанай, і інфармацыі, якая прадстаўляецца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі базавага тэрытарыяльнага ўзроўню ў парадку, устаноўленым гэтым Кодэксам, а таксама навуковымі арганізацыямі і музеямі, якія праводзяць археалагічныя даследаванні.

4. Iнфармацыя аб археалагiчных аб’ектах прадстаўляецца навуковымі арганізацыямі і музеямі ў Нацыянальную акадэмію навук Беларусі або юрыдычнай асобе, ёю ўпаўнаважанай, не пазней за чатырнаццаць каляндарных дзён з дня заканчэння археалагічных даследаванняў і складаецца з тэкставага апісання археалагічнага аб’екта, указання яго месца знаходжання, копіі часткі зямельна-кадастравай карты (плана) рэгіёна, на тэрыторыі якога знаходзіцца археалагічны аб’ект, з нанясеннем гэтага аб’екта і яго фотафіксацыі, выкананай з розных бакоў.

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі або юрыдычная асоба, ёю ўпаўнаважаная, не пазней за сем каляндарных дзён з дня ўключэння археалагічнага аб’екта ў рэестр археалагічных аб’ектаў прадстаўляюць звесткі аб археалагічным аб’екце ў арганізацыі па землеўпарадкаванні, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь, іх даччыным прадпрыемствам, якія не пазней за трыццаць каляндарных дзён з дня атрымання звестак наносяць інфармацыю аб археалагічным аб’екце на зямельна-кадастравую карту (план) рэгіёна, на тэрыторыі якога знаходзіцца археалагічны аб’ект.

5. Доступ да звестак, якія змяшчаюцца ў рэестры археалагічных аб’ектаў, ажыццяўляецца шляхам:

5.1. знаёмства з зямельна-кадастравай картай (планам) рэгіёна, на тэрыторыі якога знаходзіцца археалагічны аб’ект;

5.2. давядзення мясцовым выканаўчым і распарадчым органам базавага тэрытарыяльнага ўзроўню да ведама землекарыстальніка, на зямельным участку якога размешчаны археалагічны аб’ект, інфармацыі аб тым, што гэты аб’ект уключаны ў рэестр археалагічных аб’ектаў;

5.3. публікацыі навукова-папулярных і навуковых звестак, матэрыялаў аб правядзенні археалагічных даследаванняў і іх выніках.

6. Звесткі, якія змяшчаюцца ў рэестры археалагічных аб’ектаў, выкарыстоўваюцца пры распрацоўцы горадабудаўнічых праектаў і землеўпарадкавальнай дакументацыі.

7. Улік археалагічных артэфактаў вядзецца на падставе інфармацыі, якая прадстаўляецца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі базавага тэрытарыяльнага ўзроўню ў парадку, устаноўленым гэтым Кодэксам.

Улік археалагічных артэфактаў ажыццяўляецца шляхам іх рэгістрацыі на ўліковай картцы, форма якой устанаўліваецца Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі.

  PDF/DOC