Статья 114. Рамонтна-рэстаўрацыйныя і іншыя работы, якiя выконваюцца на матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях

1. Да рамонтна-рэстаўрацыйных работ, якiя выконваюцца на матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях, адносяцца:

1.1. аднаўленне – сукупнасць работ і мерапрыемстваў, накiраваных на навукова абгрунтаванае поўнае або частковае паўторнае стварэнне матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей (для нерухомых матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей – абавязкова на месцы iх ранейшага знаходжання);

1.2. дапаўненне – сукупнасць работ і мерапрыемстваў па стварэнні дапаўненняў да матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей, у тым лiку па завяршэнні ў свой час не рэалiзаваных аўтарскiх задум, а таксама па ўзвядзенні ў месцах страты на тэрыторыі комплексу або ансамбля нерухомых матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей капітальных пабудоў (будынкаў, збудаванняў) i iншых аб’ектаў паводле спецыяльна распрацаваных праектаў рэгенерацыi гэтых гiсторыка-культурных каштоўнасцей з захаваннем аб’ёмна-прасторавай структуры;

1.3. кансервацыя – сукупнасць работ і мерапрыемстваў па часовым або доўгатэрмiновым забеспячэнні захаванасцi тэхнiчнага стану матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей, у тым лiку супрацьаварыйныя работы, з прымяненнем адпаведных метадаў, якiя дазваляюць прадухiлiць яго далейшае пагаршэнне i ствараюць умовы для экспанавання закансерваваных матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей;

1.4. прыстасаванне – сукупнасць работ і мерапрыемстваў па адаптацыi матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей да патрэбнасцей i асаблiвасцей сучаснага тэхнiчнага ўтрымання без дапушчэння страты iмi адметных духоўных, мастацкiх i (або) дакументальных вартасцей;

1.5. перамяшчэнне – сукупнасць работ і мерапрыемстваў па перамяшчэнні нерухомых матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей і іх аднаўленні на новым месцы;

1.6. рамонт – сукупнасць работ і мерапрыемстваў па аднаўленні страчаных у працэсе эксплуатацыі і (або) паляпшэнні канструкцыйных, інжынерных, тэхнічных, эстэтычных якасцей нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, у тым ліку па ліквідацыі іх дробных пашкоджанняў і няспраўнасцей, а таксама па папярэджанні іх зносу, якія не адносяцца да рэканструкцыі гісторыка-культурнай каштоўнасці;

1.7. раскрыццё – сукупнасць работ і мерапрыемстваў па пазбаўленні матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей ад пазнейшых дысануючых напластаванняў;

1.8. рэгенерацыя – сукупнасць работ і мерапрыемстваў па аднаўленні цэласнасцi i агульнага кампазiцыйнага рашэння матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей (у асноўным комплексу або ансамбля матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей) i (або) гiстарычнага характару размяшчэння нерухомых матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей у навакольным асяроддзі;

1.9. рэканструкцыя – сукупнасць работ і мерапрыемстваў, накіраваных на выкарыстанне па новым прызначэнні нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей і (або) звязаных са змяненнем іх асноўных тэхніка-эканамічных паказчыкаў і параметраў, у тым ліку з павышэннем спажывецкіх якасцей, якія вызначаюцца тэхнічнымі нарматыўнымі прававымі актамі, са змяненнем колькасці і плошчы памяшканняў, будаўнічага аб’ёму і (або) агульнай плошчы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, змяненнем умяшчальнасці, прапускной здольнасці, напрамку і (або) месца распалажэння інжынерных, транспартных камунікацый (замена іх участкаў) і збудаванняў на іх;

1.10. рэстаўрацыя (рэстаўрацыйна-аднаўленчыя работы) – сукупнасць работ і мерапрыемстваў па аднаўленні парушанага першапачатковага аблічча нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, уключаючы капітальныя пабудовы (будынкі, збудаванні), іх комплексы, часткі, якія выконваюцца на аснове спецыяльных даследаванняў іх гістарычнай дакладнасці і архітэктурна-мастацкай каштоўнасці, а таксама навукова-праектнай дакументацыі на выкананне рамонтна-рэстаўрацыйных работ на матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях.

2. На нерухомых матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях могуць выконвацца іншыя работы, накіраваныя на забеспячэнне належнага ўтрымання і выкарыстання матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, якія не парушаюць іх цэласнасці і агульнага кампазіцыйнага рашэння i (або) гістарычнага характару размяшчэння нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей у навакольным асяроддзі.

  PDF/DOC