Статья 105. Зоны аховы нерухомых матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей

1. Для забеспячэння захавання нерухомых матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей i навакольнага асяроддзя ў пэўных межах устанаўлiваюцца межы тэрыторый нерухомых матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей i адна або некалькі з наступных зон аховы гэтых гiсторыка-культурных каштоўнасцей:

1.1. ахоўная зона;

1.2. зона рэгулявання забудовы;

1.3. зона аховы ландшафту;

1.4. зона аховы культурнага пласта (слоя).

2. Для нерухомых матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей, якiя размешчаны побач або ўваходзяць у склад комплексу або ансамбля нерухомых матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей, могуць устанаўлiвацца агульныя зоны аховы.

Ахоўныя зоны помнікаў археалогіі ўстанаўліваюцца на адлегласцi не менш за пяцьдзясят метраў ад межаў тэрыторыi помнікаў археалогіі.

3. Межы тэрыторыі нерухомай матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi, зоны аховы нерухомай матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi і іх межы, рэжымы ўтрымання i выкарыстання зон аховы нерухомай матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi вызначаюцца праектам зон аховы нерухомай матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi, якi зацвярджаецца Мiнiстэрствам культуры.

4. Рэжымамi ўтрымання i выкарыстання зон аховы нерухомай матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi прадугледжваюцца абмежаванне або поўная забарона дзейнасцi, якая стварае пагрозу захаванню гэтай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi, яе навакольнаму асяроддзю ў межах зон аховы i ўмовам іх утрымання i выкарыстання.

5. Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi распрацоўваецца за кошт сродкаў уласнiка (карыстальніка) гiсторыка-культурнай каштоўнасцi або землекарыстальніка, на зямельным участку якога размешчана нерухомая матэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць, а таксама iншых крынiц, не забароненых заканадаўствам.

6. Распрацоўка горадабудаўнiчай i землеўпарадкавальнай дакументацыi, а таксама iншай праектнай дакументацыi, рэалiзацыя якiх можа аказаць уздзеянне на нерухомыя матэрыяльныя гiсторыка-культурныя каштоўнасцi, без нанясення ўстаноўленых зон аховы нерухомых матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей або без iх устанаўлення забараняецца.

7. Усе вiды работ у зонах аховы нерухомых матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей выконваюцца ў межах патрабаванняў рэжымаў утрымання i выкарыстання гэтых зон аховы, калі іншае не прадугледжана гэтым Кодэксам.

  PDF/DOC