Статья 104. Забеспячэнне захавання нерухомых матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей

1. Для забеспячэння захавання нерухомых матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей забараняюцца (за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных пунктамі 2 і 3 гэтага артыкула) знiшчэнне нерухомых матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей або стварэнне пагрозы іх знiшчэння, прычыненне ім шкоды або стварэнне пагрозы яе прычынення, пагаршэнне іх тэхнiчнага стану або стварэнне пагрозы яго пагаршэння, а таксама навукова не абгрунтаванае змяненне, перамяшчэнне і пагаршэнне ўмоў успрымання нерухомых матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей.

2. Перамяшчэнне нерухомай матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi ў мэтах яе аднаўлення ва ўмовах, прыдатных для забеспячэння захавання нерухомай матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi, дапускаецца пры наяўнасці:

2.1. заключэння Рады аб немагчымасцi захавання нерухомай матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi на месцы яе знаходжання;

2.2. навукова-праектнай дакументацыi на выкананне рамонтна-рэстаўрацыйных работ на матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях;

2.3. дазволу на выкананне навукова-даследчых і праектных работ на матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях.

3. Па рашэнні Міністэрства культуры ў выпадку правядзення мерапрыемстваў па лiквiдацыi вынiкаў надзвычайных сітуацый, узброенага канфлікту дапускаюцца стварэнне пагрозы знiшчэння або прычынення шкоды нерухомай матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi, пагаршэнне яе тэхнiчнага стану або стварэнне пагрозы яго пагаршэння, а таксама навукова не абгрунтаванае змяненне нерухомай матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi і пагаршэнне ўмоў яе ўспрымання.

4. Пры выкананнi патрабаванняў пажарнай бяспекi, аховы навакольнага асяроддзя, санітарна-эпідэміялагічных i iншых патрабаванняў, а таксама пры выкананнi навукова-даследчых, праектных i рамонтна-рэстаўрацыйных работ на нерухомай матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi не дапускаюцца навукова не абгрунтаванае змяненне гэтай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi, пагаршэнне яе адметных духоўных, мастацкiх i (або) дакументальных вартасцей.

5. На нерухомай матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi ўсталёўваецца ахоўная дошка, на якой змяшчаюцца iнфармацыя аб прыналежнасцi гэтай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi да гiсторыка-культурнай спадчыны, назва i датаванне нерухомай матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi згодна з Дзяржаўным спiсам гiсторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублiкi Беларусь, указанне на адказнасць за прычыненне ёй шкоды або яе знішчэнне.

На комплексе або ансамблі нерухомых матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей дапускаецца ўсталяванне некалькiх аднолькавых ахоўных дошак, размяшчэнне якiх ажыццяўляецца на асноўных шляхах наведвання тэрыторыi гэтых комплексу або ансамбля.

Ахоўная дошка на нерухомай матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi, за выключэннем помнікаў археалогіі і месцаў пахавання, усталёўваецца на галоўным фасадзе, як правiла, на адным з вуглоў нiжэй аншлагаў з назвай вулiцы i нумарам дома. Ахоўная дошка на помніку археалогіі або месцы пахавання ўсталёўваецца на адлегласці да пяці метраў ад іх тэрыторыі з боку найлепшага ўспрымання гэтых помніка археалогіі або месца пахавання.

Ахоўная дошка вырабляецца, усталёўваецца i захоўваецца за кошт сродкаў уласнiка (карыстальніка) нерухомай матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi або землекарыстальніка, на зямельным участку якога размешчана нерухомая матэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць, а таксама iншых крынiц, не забароненых заканадаўствам.

Форма ахоўнай дошкі ўстанаўліваецца Міністэрствам культуры.

6. На нерухомай матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi ў адпаведнасцi з мiжнароднымi дагаворамi Рэспублiкi Беларусь можа ўсталёўвацца распазнавальны знак.

  PDF/DOC