Статья 100. Пашпарт матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi

1. Пасля надання матэрыяльнай культурнай каштоўнасці статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці на яе складаецца пашпарт матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi па форме, устаноўленай Мiнiстэрствам культуры.

2. Пашпарт матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці запаўняецца як на комплекс або ансамбль матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей, так i на матэрыяльныя гiсторыка-культурныя каштоўнасці ў іх складзе, якія размешчаны ў розных месцах і належаць розным уласнікам гісторыка-культурных каштоўнасцей або замацаваны за рознымі карыстальнікамі гісторыка-культурных каштоўнасцей.

3. У пашпарце матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi ўказваюцца поўныя навуковыя i фактычныя звесткi аб матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi.

4. Складанне пашпарта матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi забяспечваецца ўласнiкам (карыстальнікам) матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, землекарыстальнікам, на зямельным участку якога размешчана нерухомая матэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць, у двухмесячны тэрмін з дня надання матэрыяльнай культурнай каштоўнасці статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці і ажыццяўляецца за кошт сродкаў яе ўласнiка (карыстальніка), землекарыстальніка, на зямельным участку якога размешчана нерухомая матэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць, а таксама iншых крынiц, не забароненых заканадаўствам.

5. Пашпарт матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці складаецца навуковымi арганізацыямі, музеямі, а таксама праектнымi арганiзацыямi, якiя ажыццяўляюць распрацоўку навукова-праектнай дакументацыi на выкананне рамонтна-рэстаўрацыйных работ на матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях, у штаце якіх працуюць спецыялісты з вопытам работы па ахове гісторыка-культурнай спадчыны не менш за два гады.

6. Пашпарт матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці запаўняецца ў трох экзэмплярах, адзін экзэмпляр якога захоўваецца ва ўласнiка (карыстальніка) матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, землекарыстальніка, на зямельным участку якога размешчана нерухомая матэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць, другі – у Міністэрстве культуры, трэці – у мясцовым выканаўчым i распарадчым органе базавага тэрытарыяльнага ўзроўню, на тэрыторыі якога знаходзіцца гісторыка-культурная каштоўнасць.

7. У выпадку змянення звестак аб гiсторыка-культурных каштоўнасцях асобы, упаўнаважаныя мясцовымі выканаўчымі i распарадчымі органамі базавага тэрытарыяльнага ўзроўню, не пазней за тры рабочыя дні з дня атрымання новых звестак уносяць у пашпарт матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi адпаведныя змяненнi, якія афармляюцца на асобным лісце змяненняў.

8. Ліст змяненняў афармляецца як дадатак да пашпарта матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці і змяшчае наступныя звесткі:

8.1. дату ўнясення змянення;

8.2. назву матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, у пашпарт якой уносіцца змяненне, і падставы для яго ўнясення;

8.3. пункт пашпарта матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, у які ўносіцца змяненне;

8.4. змест змянення;

8.5. пасаду, прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку (пры яго наяўнасці) і подпіс спецыяліста, які ажыццявіў унясенне змянення.

9. Ліст змяненняў запаўняецца ў трох экзэмплярах, адзін экзэмпляр якога захоўваецца ў мясцовым выканаўчым i распарадчым органе базавага тэрытарыяльнага ўзроўню, другі накіроўваецца ўласнiку (карыстальніку) матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, землекарыстальніку, на зямельным участку якога размешчана нерухомая матэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць, трэці – у Міністэрства культуры.

  PDF/DOC